На маладзечанскай зямлі праходзіць творчае спатканне мастакоў і скульптараў

11 августа 2016

Адразу два маштабныя пленэры прымае культурная сталіца Беларусі - 2016. На маладзечанскай зямлі праходзіць творчае спатканне мастакоў і скульптараў. Майстры жывапісу з Ізраіля, Арменіі, Літвы і Кітая натхняюцца беларускімі краявідамі і перадаюць на палатне каларытныя пейзажы, храмы, палацы і замкі. Скульптары ж будуць карпатліва працаваць яшчэ на працягу месяца. На пленэр трапіла і Аляксандра Драгун.

Быццам будаўнік, Ігар Засімовіч спрытна спраўляецца з балгаркай і арматурай. Скульптар апрацоўвае паверхню валуноў, каб скласці з каменнай мазаікі скульптуру. Прысвячае сваю кампазіцыю не герою ці важнай падзеі - музычнаму інструменту саксафону!

Пад навесамі, якія будуць ахоўваць працоўны матэрыял ад пякучага сонца ці дажджу, працуюць 7 скульптараў. Сабраў творчую каманду на маладзечанскай зямлі пленэр «Вернісаж камянёў». На працягу месяца майстры будуць карпатліва выпілоўваць з круглых формаў мудрагелістыя кампазіцыі.

Каменныя прататыпы духавых, ударных, клавішных музычных інструментаў пасля пленэру знойдуць месца на маладзечанскіх вуліцах і ў гарадскіх скверах. Дарэчы, адначасова культурная сталіца Беларусі - 2016 гасцінна прымае яшчэ адну арт-падзею - міжнародны пленэр мастакоў, куды завіталі нават жывапісцы з Кітая.

Святлана Сарока, дырэктар Палаца культуры г. Маладзечна: "Амаль тры гады мы супрацоўнічаем з гэтай краінай. У нас адбываюцца Дні культуры Кітая ў нашай краіне. І адбылося ўжо шмат выстаў са знакамітымі мастакамі з Кітая. У іх узнікла жаданне прыняць удзел у Маладзечна-АРТ - 2016".

Арцём Капуста прыехаў з Ізраіля. Мастак з беларускімі каранямі прызнаецца: адчувае сябе тут як дома. Працуе мужчына ў класічнай тэхніцы алейнага жывапісу. За час пленэру напісаў дзве карціны. На адной з іх прыкметныя нацыянальныя рысы.

Што называецца, плячом да пляча з Арцёмам працуе мастачка з Арменіі, якая ўзяла за натуршчыка... беларускага саламянага павука.

14 мастакоў аб'яднаў маладзечанскі пленэр. На працягу 2 тыдняў жывапісцы працавалі над сваімі палотнамі. Дарэчы, творчасць сумяшчалі з падарожжамі. Натхняліся беларускімі краявідамі. А ў гэту пятніцу аўтарскія карціны ўпрыгожаць сцены Палаца культуры.

Падчас пленэру некаторыя мастакі напісалі не адну серыю дыпціхаў з беларускімі пейзажамі, храмамі, палацамі і замкамі. З уласнага партфоліа дзве карціны прэзентуюць Маладзечну ў знак удзячнасці за гасціннасць і натхненне.