На месцы парка Пуслоўскіх у Косаве знайшлі скрыню з манетамі і кнігай

29 сентября 2018

Помнік, які паступова вяртаецца з забыцця! Рэстаўрацыя палаца Пуслоўскіх у Косаве - адзінага на тэрыторыі Беларусі комплексу неагатычнага стылю - вядзецца 10 гадоў. Падчас рамонтных работ былі знойдзеныя некаторыя артэфакты, зараз яны складаюць істотную частку часовай экспазіцыі. А на мінулым тыдні будаўнікі зноў знайшлі скрыню з манетамі і кнігай. Вікторыя Патоня пра адраджэнне Косаўскага палаца.

Легенд і паданняў пра палац сапраўды шмат. Яны звязаныя з багаццем замка. Пуслоўскія мелі вялікую калекцыю рэдкіх кніг і рукапісаў (каля 10 000 адзінак), карцінную галерэю. Замак пабудаваны так, што ў ім дастаткова сонечнага святла. Архітэктура (неаготыка з элементамі класіцызму) уражвае даследчыкаў і турыстаў.

Палац быў напаўразбураны падчас Вялікай Айчыннай. Яго спалілі партызаны. Таму будаўнікам прыходзіцца літаральна адраджаць яго з попелу. Тут налічвалася каля сотні пакояў. Гэта - бальная зала. Доступ сюды абмежаваны: маюць права знаходзіцца толькі спецыялісты. Але і ў нас ёсць унікальная магчымасць паглядзець, як працягваюцца рэстаўрацыйныя работы. Тут ужо з’явіўся дах, вокны з вітражамі. А ў перспектыве гэта будзе прыгожая канферэнц-зала.

Рэстаўратары імкнуцца захаваць аўтэнтычнасць помніка архітэктуры ХІХ стагоддзя, выкарыстоўваюць толькі вапнавы раствор, многія дэталі вырабляюцца пад заказ.

Вось гэтая печ была знойдзеная пры рэстаўрацыйных работах. Яна з’яўляецца прамым доказам таго, што ўжо ў ХІХ стагоддзі палац Пуслоўскіх абаграваўся. А цяпло паступала праз спецыяльныя каналы ў падлозе і сценах.

Амаль год у палацы працуе часовая экспазіцыя. Гэта пяць залаў. Аснову складаюць артэфакты, знойдзеныя падчас рэстаўрацыйных работ. Кафля, манеты, прадметы побыту... Адна з апошніх знаходак адбылася на гэтым тыдні: будаўнікі на месцы парку Пуслоўскіх адкапалі металічную скрыню.

Унутры знаходкі аказаліся манеты 1905 і 1906 гадоў і кніга. Апошняя вельмі пашкоджана. На самой скрыні захаваўся надпіс пецярбургскай фірмы Сан-Галі. Знойдзеныя артэфакты яшчэ будуць вывучацца даследчыкамі. Магчыма, знаходка папоўніць экспазіцыю.

У планах Косаўскі палац аднавіць і стварыць тут гасцінічна-турыстычны комплекс.

Косаўскі палац знаходзіцца побач з сядзібай Касцюшкі. Іх турысты наведваюць у комплексе. Як паказаў эксперыментальны год з часовай экспазіцыяй, колькасць гасцей тут узрасла на 30 %. Гэта 24 000 турыстаў, у тым ліку замежных. Зараз будаўнікі пракладваюць у помнік архітэктуры ацяпленне, гэта дазволіць і ў халодны перыяд года прымаць гасцей. Завяршыць адраджэнне замка плануецца да 2020 года.