На малую радзіму вярнуўся арыгінальны слуцкі пояс

23 января 2014

Эксклюзіў Агенцтва тэленавін. На малую радзіму вярнуўся арыгінальны слуцкі пояс, выраблены менавіта на Слуцкай мануфактуры. Ніколі раней у музейным зборы раённага цэнтра, які ва ўсіх асацыюецца менавіта з гэтымі тканымі шэдэўрамі, не было сапраўднага аўтэнтычнага экзэмпляра.

Дарэчы, зараз у самым разгары Дзяржпраграма па адраджэнні нацыянальнага набытку, яе ініцыяваў Прэзідэнт краіны. Беларускія навукоўцы змаглі разгадаць таямніцу старажытных тэхнолагаў, і зараз у Слуцку ткуць сучасныя копіі беларускага брэнда. Мы першыя і пакуль адзіныя, каму атрымалася ўбачыць унікальны станок, які адраджае гісторыю.


Са Слуцка Алена Борматава.


Нарэшце, слуцкі пояс у Слуцку. Прайшло некалькі стагоддзяў, безліч гістарычных перыпетый і ваенных кампаній, пакуль нацыянальны брэнд беларусаў не вярнуўся на гістарычную радзіму. Пояс, вытканы на слуцкай персіярні - ужо ў шкляной вітрыне. Афіцыйная прэзентацыя толькі заўтра.


Упершыню пра набыццё слуцкага пояса ў Слуцку загаварылі года паўтара таму, калі супрацоўнікі музея выйшлі на мінскага калекцыянера. Сродкі збіралі ўсім раёнам. Дапамагалі мецэнаты Мінска і Гомеля, Жодзіна і Салігорска. Зараз для ўсіх гараджан на два месяцы доступ да рарытэта бясплатны.


Наталля Cерык, дырэктар Слуцкага краязнаўчага музея: Ён не будзе пастаянна, скажам, 10 гадоў у нас экспанавацца. На нейкі час мы будзем яго прыбіраць, каб пояс проста адпачыў, і выстаўляць ізноў. Хутчэй за ўсё, гэта будзе летні перыяд, можа, зімовы, калі менш за ўсё ў нас наведвальнікаў.


Экспертызу пояса некалькі месяцаў праводзілі супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея. Яны і далі канчатковы адказ - пояс сапраўдны. Двухбаковы, чатырохколеравы з сярэбранымі і залатымі ніткамі.


Кошт слуцкага пояса на замежных аўкцыёнах вар'іруецца ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў тысяч еўра. Пояс накшталт слуцкага - такая старажытная падробка, якую выраблялі на мануфактурах Расіі, Польшчы, Францыі - яна таксама даволі каштоўная, але ацэньваецца куды менш. Можна набыць і за 30 тысяч долараў.


Сёння Слуцк займаецца і адраджэннем свайго гістарычнага сімвала. Згодна з дзяржаўнай праграмай па аднаўленні слуцкіх паясоў, якая была ініцыяваная Прэзідэнтам краіны, тут ствараюць сучасныя копіі старажытных тканых помнікаў. Сучасная копія слуцкага пояса вырабляецца за 60 гадзін. З шаўковых і залатых нітак.


Унікальны, адзіны ў свеце станок, выраблены па спецыяльным заказе беларускіх тэхнолагаў і навукоўцаў, сёння працуе ў дзве змены. Дарэчы, працуе за ім жанчына. Гістарычна ж слуцкія паясы ткалі выключна мужчыны. Бо гэта была вельмі цяжкая праца.


Ірына Фарманец, экскурсавод Музея гісторыі слуцкіх паясоў: Шматлікія пытаюць: а дзе ж дзяўчаты на мануфактуры? Яны былі. Толькі займаліся яны самай тонкай ручной працай - прадзівам. А таксама тым, што намотвалі на шаўковую нітку тонкую залатую. Такую працу маглі рабіць толькі далікатныя жаночыя рукі.


Мы сталі першай здымачнай групай, каму ўдалося трапіць на месца, дзе адраджаюць гісторыю. Вы першыя, хто бачыць эксклюзіўныя кадры з залаў новага беларускага музея - гісторыі слуцкіх паясоў. Дарэчы, за год на слуцкай персіярні выраблялі 200 тканых шэдэўраў, прычым ніводны не паўтараўся.