На "Лістападзе" - чацвёрты дзень форуму

5 ноября 2018

На юбілейным "Лістападзе" - чацвёрты дзень форуму. Прэм'ерныя кінапаказы праходзяць безупынна на пяці пляцоўках. Сёння - дэманстрацыя конкурсных стужак з Ірана, Расіі, Кітая і Польшчы. Па-за конкурсам пакажуць кіно пра кіно, спартыўныя пачуцці і стужкі са Славеніі.

Галоўнай расійскай фестывальнай прэм'ерай стане апошняя работа Веры Глаголевай "Не чужыя". Сямейную драму пра мару заваяваць Маскву ў самой Маскве яшчэ не паказвалі.

Ігар Сукманаў, дырэктар праграм ігравога кіно Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад": "Асноўная місія "Лістапада" - гэта прасоўваць мастацтва менавіта тых кінематаграфій, якія выйшлі з так званага камуністычнага шыняля. Мы жывем у такую няпростую эпоху перамен, і гэтыя перамены ўплываюць на наша асабістае жыццё, на наша грамадскае жыццё. Сінематограф у нейкай ступені спрабуе рэагаваць якраз на гэтую сітуацыю".

На фестывальнай карце - не толькі кінатэатры, але і планетарый, студыя "Беларусьфільма" і Музей гісторыі беларускага кіно.