На Купалаўскай сцэне спектакль Пінская шляхта

11 сентября 2013

У гасцей Купалаўскага тэатра сёння вечарам была магчымасць практычна ўнікальная: на адной сцэне ўбачыць работу адразу некалькіх лаўрэатаў самай прэстыжнай узнагароды краіны. Спектакль Пінская шляхта, які скончыўся літаральна паўгадзіны таму, сёлета адзначаны Дзяржпрэміяй у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Гэта, вядома, невыпадкова: пастаноўка атрымала высокую ацэнку і прызнанне не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Зрэшты, гэта яшчэ не ўсе ўзнагароды купалаўцаў - прэміі таксама прысуджаныя народнаму артысту Віктару Манаеву, мастаку-пастаноўшчыку Вользе Мацкевіч і кампазітару Андрэю Зубрычу.


Расказвае Ларыса Гулякевіч. У Купалаўскага тэатра пачаўся новы сезон - сезон тэатральны і сезон святаў. Заслужаныя ўзнагароды, званні, прэміі і віншаванні, а для творчага калектыву гэта самая асноўная падтрымка.


Нацыянальная п'еса ў нацыянальным тэатры атрымала нацыянальную ўзнагароду. Спектакль Пінская шляхта паводле Дуніна-Марцінкевіча адзначаны Дзяржпрэміяй: музыка, сцэнаграфія і купалаўская школа акцёрскага майстэрства. Найвышэйшая ацэнка і ад гледача.


Дзяржпрэмія ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры прысуджаецца творцам раз у два гады. Народнаму артысту Віктару Манаеву ўзнагарода прыпала як раз на юбілейны год. Сёлета ён адзначыў 55.


Літоўская кіназорка Ёзас Будрайціс здымаецца разам з Віктарам у беларускай кінастужцы - працягу культавай камедыі Белыя росы, прыйшоў павіншаваць калегу-сябра.


Пінская шляхта ў Купалаўскім была пастаўлена пяць гадоў таму і паспела ўжо атрымаць прызнанне на міжнародных фэстах тэатральнага мастацтва. Спектакль ідзе і на польскай сцэне.


А мастак Вольга Мацкевіч за сцэнаграфію і касцюмы атрымала нават прэмію імя Ушакова. Зараз да яе дадалася і Дзяржпрэмія. Між іншым, гэта першая вялікая работа Вольгі і адразу такі поспех.


Гумар з падтэкстам, класіка з сучаснасцю. Музычнае афармленне кампазітара Андрэя Зубрыча таксама у спісе Дзяржпрэміі. Да ўзнагарод дадаліся і некалькі званняў: Зінаіда Пятроўна Зубкова стала народнай, а Алена Сідарава і Тамара Міронава - заслужанымі артысткамі Беларусі.


Увогуле тэатральнае мастацтва калектыўнае. Кожная асабістая узнагарода - ацэнка усёй тэатральнай каманды, якая ўпершыню дае трыумфальную Пінскую шляхту на адноўленай Купалаўскай сцэне.