На конкурсах "Славянскага базару ў Віцебску" нашу краіну будуць прадстаўляць прадстаўніцы прыгожага полу

3 апреля 2015

Гэта стала вядома па выніку адбораў на дарослы і дзіцячы конкурсы вакалістаў. Адразу тры дзяўчынкі адправяцца ў Віцебск па запаветныя статуэткі фэсту. Адбор быў даволі жорсткім - усіх удзельнікаў адгледзелі прафесіяналы ў музычнай сферы і вынеслі вердыкт.

Імёны траіх шчаслівак ведае Ніна Мажэйка. 

Конкурс вакалістаў "Славянскага базару" ўсё ж больш арыентаваны на эстрадныя песні, таму ўжо традыцыйным месцам правядзення адбору стаў Маладзёжны тэатр эстрады. Менавіта гэтая мінская сцэна становіцца транзітнай на шляху да віцебскай.

Першы куплет і прыпеў - у такім сціснутым фармаце праходзілі рэпетыцыі ўдзельнікаў адбору перад праглядам. Вакалісты з усёй краіны прысылалі свае відэазаяўкі на адрас Міністэрства культуры. Экспертнае журы - сапраўдныя прафесіяналы ў сферы музыкі адабралі 11 прэтэндэнтаў на пуцёўку ў Віцебск. Шанец выступіць на адной з самых знакамітых фэставых сцэн даецца маладым людзям ад 18 да 31.

Салістка Нацыянальнага канцэртнага аркестра Валерыя Грыбусава бярэ не проста высокія ноты, але яшчэ і дакладныя. Дзяўчына неаднаразова выступала на конкурсных сцэнах у розных гарадах не толькі Беларусі, але і Еўропы. Гледачы яе памятаюць па выступленні ў Маладзечне ў 2013-м. Чарговае прасоўванне па музычнай кар'ернай лесвіцы - міжнародны фэст у Віцебску.

І дарослыя, і дзеці свае парадкавыя нумары атрымлівалі паводле жараб'ёўкі. Асабіста выцягвалі канверты. Умовы аднолькавыя для ўсіх - праспяваць дзве песні на выбар: нацыянальны хіт на беларускай - гучалі нават "Слуцкія паясы", славянскі і сусветны. Увагу гледачоў прыцягнуў італьянскі беларус Рафаэле Пападыя.

Дзяўчынкі і зусім выглядалі, як дарослыя паненкі: кожны выхад - новы ўбор. Сукенкі ў падлогу і модныя вянкі з кветкамі - бралі не толькі вакалам.

У Віцебск адправіцца і 11-гадовая магіляўчанка Алена Цітова. Яна некалькі гадоў займаецца вакалам. Для конкурсу дзяўчынцы прыйдзецца замяніць адну з павольных кампазіцый чымсьці больш палымяным.

А кампанію ў паездцы ёй складзе 9-гадовая мінчанка Стэфанія Сакалова. Дарэчы, дзяўчынкі адна адну канкурэнткамі не лічаць і як мінімум прыязна пазіруюць для фатографаў пасля аб'яўлення вынікаў. Ужо 11 ліпеня яны падзеляць віцебскія падмосткі.