На кінафэст у Мінск ужо прыбываюць першыя зорныя госці

3 ноября 2016

У беларускую сталіцу на міжнародны кінафэст "Лістапад" ужо прыбываюць першыя зорныя госці. І сёння ў Мінск прыехаў класік латышскага кіно Яніс Стрэйч.

Вядомы рэжысёр, сцэнарыст і акцёр сёлета адсвяткаваў 80 гадоў, з іх - больш як пяць дзясяткаў прысвяціў кіно. Зняў 23 карціны, сярод якіх "Лімузін колеру белай ночы", "Тэатр", "Няскончаная вячэра". У гонар аднаго з самых яркіх рэжысёраў Латвіі сёння адбыўся вернісаж. У Музеі гісторыі беларускага кіно прапанаваная рэтраспектыва сямі пастаўленых Янісам Стрэйчам фільмаў. Адзін з іх - "Спадчына Рудольфа" - быў паказаны пасля заканчэння цырымоніі адкрыцця выставы.

Ужо заўтра Яніс Стрэйч разам са шматлікімі гасцямі пройдзе па чырвонай дывановай дарожцы "Лістапада". Цырымонія адкрыцця XXIII Мінскага міжнароднага кінафэсту адбудзецца ў кінатэатры "Масква".