На галоўнай сцэне Палаца Рэспублікі адкрываюць Міжнародны фестываль Юрыя Башмета

27 сентября 2019

У гэтыя хвіліны на галоўнай сцэне Палаца Рэспублікі адкрываюць Міжнародны фестываль Юрыя Башмета. Урачыстае прывітанне гасцям 14-га форуму накіраваў Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што фестываль стаў неад'емнай часткай культурнай палітыкі нашай краіны і адным з лепшых музычных праектаў сучаснасці, калі атрымаў прапіску на гасціннай беларускай зямлі. З года ў год у афішы  шэдэўры класікі ад уладальнікаў "Грэмі" і сусветныя прэм'еры. Сёлета арганізатары за два тыдні пакажуць 9 прэм'ерных канцэртаў. Цалкам абнавіўся і спіс запрошаных знакамітых музыкантаў. Аб будучых навінках фестывалю  з-за куліс цырымоніі  наш карэспандэнт Лідзія Заблоцкая.

Адкрываюць 14-ы фестываль нестандартна - па-каралеўску. На сцэне  дзяржаркестр Вялікабрытаніі. 

Адзін з вядучых класічных калектываў свету стваралі больш за 6 дзясяткаў гадоў таму пад патранажам Лізаветы II. У партытурах  не толькі класіка. Пад іх інструментальныя аранжыроўкі збіралі стадыёны  Pink Floyd, ABBA, Queen. Дарэчы, знакаміты гімн Лігі чэмпіёнаў УЕФА  таксама сыграны Каралеўскім філарманічным. 

Паспяхова ўпісалі ў гастрольны графік і Беларусь. Тут яны ўпершыню  ў поўным складзе. 80 музыкантаў прыляцелі чартарам на адзін вечар. Індывідуальная дастаўка  і рарытэтным інструментам. Скрыпкі коштам  мільёны долараў прывезлі ў Мінск наземным транспартам.

На канцэрт Каралеўскага філарманічнага аркестра прададзена больш за дзве з паловай тысячы білетаў

Больш за дзве з паловай тысячы білетаў (амаль уся зала Палаца Рэспублікі)  прадалі за два тыдні. Гледачы пачуюць ранніх Бетховена, Ліста і Брамса. Такую праграму аркестр сфарміраваў спецыяльна для канцэрта-адкрыцця фестывалю.

Прадоўжаць мерапрыемства не менш маштабна. Так, ужо заўтра  вечар прэм'ер. Эстонец Эркі-Свен Цюйр прэзентуе ў Беларусі фантазму для аркестра і сімфонію "Міфы". У трэк-лісце ўсяго форуму - творы лепшых музыкантаў свету. Пачуем турэцкага піяніста Фазыла Сая і першую скрыпку Іспаніі Летыцыю Марэну. Дарэчы, яна сыграе "Пары года" П’яцола на інструменце 1762 года. 

У афішы фестывалю - сусветныя прэм'еры і начны праект на платформе метро

Аркестры не раз пакінуць класічныя залы Белдзяржфілармоніі і Палаца Рэспублікі. Пачуем іх ноччу на станцыі метро "Пятроўшчына". За паўтары гадзіны платформа ператворыцца ў канцэртную залу з фешэн-подыумам. А сярод IT-музычных навінак галаграма біяграфіі Вайнберга. Аркестр Крымера літаральна апынецца ўнутры праекцый. 

"Беларусь 3" дасць магчымасць атрымаць асалоду ад самых яркіх момантаў фестывалю 

Калі  не паспееце набыць білет на канцэрты, "Беларусь 3" дасць магчымасць атрымаць асалоду ад самых яркіх момантаў фестывалю. На трэцяй кнопцы медыяхолдынга на працягу кастрычніка пакажуць 5 канцэртаў, у тым ліку  і закрыццё, дзе выступяць "грэміносцы": "Салісты Масквы" і асабіста Юрый Башмет.