На гэтым тыдні Беларусь развіталася з Нілам Гілевічам

3 апреля 2016

Народны паэт пайшоў з жыцця, не дажыўшы ўсяго паўгода да свайго 85-годдзя. Хрэстаматыйны аўтар, класік беларускай літаратуры, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы, кавалер ордэна Кірыла і Мяфодзія, Яраслава Мудрага, медаля Францыска Скарыны пасля сябе пакінуў літаратурную спадчыну, захаваную ў 23-х тамах поўнага збору твораў. Вершы, п'есы, аповесці і раманы - лірыка, сатыра, публіцыстыка і пераклады з моў славянскіх народаў. 

Гілевіч, дзяцінства якога выпала на гады вайны, шмат пісаў аб трагічным і адначасова гераічным мінулым свайго народа. Да апошніх дзён выкладчык БДУ (кафедра беларускай літаратуры). Выхадзец з глыбінкі, Гілевіч добра ведаў фальклор і каларыт нацыянальнай народнай культуры. Многія з яго вершаў пакладзеныя на музыку. Самы вядомы шлягер "Вы шуміце, бярозы" больш знаёмы словамі "А я лягу-прылягу…" на музыку Эдуарда Ханка ў выкананні Анатоля Ярмоленкі.

Развітанне з Нілам Гілевічам прайшло ў Свята-Петрапаўлаўскам саборы Мінска. Пахаваны паэт на Кальварыйскіх могілках.