На экскурсію - у банк!

16 мая 2014

Сёння, напярэдадні Дня музеяў, Банк развіцця размясціў у сваім цэнтральным офісе нацыянальны набытак - Габелен стагоддзя. Выстава тканай карціны народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанкі - рэдкасць. Іх было ўсяго некалькі па прычыне гіганцкага памеру палатна.


Колькі важыць самы вялікі габелен у свеце, вымерала Іна Пілевіч.


Экскурсія з высока ўзнятай галавой. На вернісаж рэкамендавана браць бінокль. Гэта дасць магчымасць дэталёва разглядзець габарытны шэдэўр. Габелен стагоддзя народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанкі занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса як найбуйнейшы ў свеце. Вытканы ўручную з амаль 300 кілаграмаў натуральнай шэрсці.


Памеры Габелена стагоддзя - 14 на 19 метраў. І менавіта з-за гіганцкай плошчы яго выстаўлялі лічаную колькасць разоў - проста складана знайсці адпаведны будынак. Каб вы ўяўлялі маштаб палатна, я стаю на 1-м ярусе, а аператар робіць гэтыя кадры з 7-га паверха.


Па эскізах Аляксандра Кішчанкі шарсцянога гіганта ткалі 14 майстрых. Сёння яны прыехалі ацаніць сваю работу ва ўвесь рост. На працягу 4 гадоў ніткамі капіравалі малюнак народнага мастака. Да гэта моманту твор захоўваўся на камбінаце-стваральніку ў Барысаве. Зараз на два тыдні шэдэўр пераехаў у Банк развіцця, цэнтральны офіс якога архітэктурна ідэальна падыходзіць для прэзентацыі твора. Іншым пляцоўкам не хапала вышыні, таму ніжняя частка габелена заставалася ляжаць на падлозе.


Палатно як сведчанне заканчэння савецкай эпохі і пачатку новага этапу беларускай гісторыі. Партрэтамі асоб планетарнага маштабу мастак паказаў ролю беларускай нацыі ў свеце. Габелен ствараўся як раз у эпоху станаўлення нашай дзяржаўнасці і прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю.


Экскурсійны час не будзе перасякацца з рабочымі гадзінамі фінансавай установы. Ацаніць твор бясплатна можна ў будныя дні - вечарам, у выхадныя - днём. Між іншым будучыня Габелена стагоддзя пакуль не вызначана. Для пастаяннага экспанавання нацыянальнай рэліквіі плануюць адвесці адзін з павільёнаў музейнага квартала, які зараз праектуецца ў сталіцы.