На беларуска-ўкраінскім памежжы рэалізуецца праект па захаванні і папулярызацыі ткацтва. Майстры дзвюх дзяржаў праводзяць майстар-класы і вучаць тых, хто жадае авалодаць даўняй тэхналогіяй народнага мастацтва. У Маларыцкім раёне ткачыхі настолькі зацікавіліся ўзорамі продкаў, што аднавілі страчаныя тэхналогіі. Вікторыя Патоня сустрэлася з тымі, каго вярстат цягне, як магніт.
Сцепаніда Сцепанюк - ткачыха з багатым вопытам. За кроснамі з 9-ці гадоў. Зараз жанчыне 83, а вярстат прыцягвае, як магніт. Гаворыць: калі здароўе падводзіць, за станком забываецца пра ўсе балячкі. У сям’і бабы Стэпы ткаць умеюць усе. Дом нагадвае музей: дываны, палавікі, ручнікі і нават шторы на вокнах - усё саткана яе рукамі. Любімая нітка - льняная. Майстрыха дагэтуль тканіну выбельвае попелам і карыстаецца драўляным прасам. Сцепаніда Аляксееўна аднавіла і забытую тэхналогію ткацтва “кажушком”.
“Кажушком” у Маларыцкім раёне ткалі ў асноўным спадніцы. Але ніхто з умельцаў не памятаў тэхналогію. Сцепаніда перабрала шмат варыянтаў і нарэшце атрымалася. Сёння яна разам з дачкой Валянцінай навучае дарослых і дзяцей самабытнаму мастацтву.
На захаванне і папулярызацыю ткацтва як даўняга рамяства накіраваны і праект “Народная творчасць без меж”. Рэалізуецца ён на беларуска-ўкраінскім памежжы. Майстар-клас ад народных умельцаў - адзін з важных этапаў.
Практычныя заняткі арганізавала некалі вучаніца Сцепаніды Сцепанюк. Сёння яна дырэктар раённага цэнтра народнай творчасці. Валянціна Стронец зацікаўлена ў захаванні маларыцкіх строяў, а падчас экспедыцый па вёсках назбірала калекцыю, у якой звыш 150-ці ўзораў.
Майстар-клас праходзіць на вярстатах, якім больш за 100 гадоў. Дарэчы, усе станкі аўтэнтычныя, набытыя або падораныя мясцовымі жыхарамі. Азнаёміцца з даўняй тэхналогіяй ткацтва прыехалі беларускія і ўкраінскія калегі. Некаторыя нітку снавалі ўпершыню.
Сёння некалі забытую і адроджаную тэхналогію “кажушок” маларыцкія майстрыхі прымяняюць нават у вырабе гальштукаў. Для аматараў даўніны чым не арыгінальны атрыбут? У межах культурнага супрацоўніцтва будуць сатканы і пашыты касцюмы для калектываў, выпушчаны альбом з арнаментамі, пройдзе фестываль ткачых, каб старажытным мастацтвам зацікавілася яшчэ больш людзей.













