Арыгінал захоўваецца ў Траецкім каледжы Кембрыджа. У акцыі віртуальнага вяртання, якое доўжылася амаль год, удзельнічалі і Міністэрства замежных спраў, і наша пасольства ў Вялікабрытаніі, і беларуская дыяспара. На сённяшні дзень у свеце налічваецца ўсяго каля 500 вядомых экзэмпляраў кніг Скарыны, у Беларусі толькі 10. Усе ў фондах Нацбібліятэкі. Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, якое будзе адзначацца ў наступным годзе, даследчыкі скарынінскай спадчыны спрабуюць сабраць як мага больш кніг, выдадзеных Скарынай. Хай і ў электронным выглядзе. Алена Борматава пра лічбавае вяртанне нацыянальнай кніжнай культуры.
Сканы Першай кнігі Царстваў. Арыгінал - у бібліятэцы Траецкага каледжа Кембрыджа. Пражскае выданне Скарыны 1518 года. Ёсць і ў беларускіх фондах, аднак няпоўнае. Брытанскае таксама няпоўнае, аднак у ім ёсць аркушы, якіх не хапае ў беларускім экзэмпляры. Гэта дасць магчымасць віртуальнай рэканструкцыі выдання. Беларусь мае намер цалкам у лічбавым фармаце аднавіць усе вядомыя на сёння асобнікі кніг Скарыны. Іх каля паўтысячы па ўсім свеце. Вялікабрытанія не толькі вярнула кнігу ў электронным варыянце, але і дала дазвол на яе выкарыстанне ў любых мэтах. Юрыдычныя нюансы вырашаны.
Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь: "Мы звярталіся з адпаведным зваротам да нашых калег у Вялікабрытаніі. Сёння мы маем магчымасць працаваць у шырокім сэнсе з гэтым лічбавым варыянтам кнігі Скарыны. Мы не маем абмежаванняў у распаўсюджванні і можам выкарыстоўваць гэты экзэмпляр і для факсімільнага ўзнаўлення, і для выстаўлення лічбавай копіі".
Зараз Першая кніга Царстваў даступна на інтэрнэт-партале як Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі так і бібліятэкі Траецкага каледжа Кембрыджа як найбольш каштоўны кніжны помнік. Скарыну брытанцы паставілі побач з працамі Ньютана і Шэкспіра.
Увогуле ў Вялікабрытаніі захоўваецца 6 кніг Скарыны. 3 з іх у найбуйнейшай і найстаражытнейшай бібліятэцы свету - Брытанскай. Зараз як раз вядуцца перамовы з кіраўніцтвам гэтай бібліятэкі аб вяртанні ў электронным фармаце гэтых трох выданняў Скарыны на Беларусь.
І ўжо дасягнута дамоўленасць на вяртанне ў лічбавай копіі адной з кніг беларускага першадрукара, што захоўваецца ў самім Кембрыджы. Для даследаванняў айчынных навукоўцаў яна будзе даступна напрыканцы года. Да таго ж Нацыянальная бібліятэка летась закупіла ажно 200 асобнікаў рукапіснай і рэдкай друкаванай кнігі XVI-XVIII стагоддзяў. Самае ранняе датуецца 1548 годам. Гэта Венецыянскі палеатып - друкаванае выданне першай паловы XVI стагоддзя.
Марыя Шопіна, галоўны бібліятэкар навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь: "Пазначаны выдавец П'ер Марто - П'ер Молат. Дакладна вядома, што ў XVII стагоддзі Жан Азівір адным з першых выкарыстаў такія звесткі, каб выдаваць такія ненадзейныя з пункту гледжання ўлады трактаты. Дарэчы, мы можам бачыць успаміны кардынала Рышэлье ў такім выданні".
Сярод старадрукаў - асобнікі з экслібрысамі і пячаткамі кніжных збораў Радзівілаў і Гутэн-Чапскіх. А яшчэ рукапісны тэалагічны трактат, якім напрыканцы XVIII стагоддзя карысталіся ў базыліянскім манастыры на Гродзеншчыне.













