На 83-м годзе жыцця памёр Алег Табакоў - народны артыст СССР

12 марта 2018

Сумная навіна прыйшла сёння з Масквы. На 83-м годзе жыцця памёр Алег Табакоў - народны артыст СССР, кіраўнік тэатра імя Чэхава і заснавальнік знакамітай "Табакеркі". Аб шпіталізацыі акцёра стала вядома ў канцы лістапада. Урачы дыягнаставалі ў яго сэпсіс. Пра Табакова ўспамінаюць не толькі як пра геніяльнага акцёра. Ён быў выдатным менеджарам, хоць сам называў сябе "пралетарыем мастацкай працы" і прызнаваўся: каб выйсці на сцэну, гатовы плаціць грошы.

Расказвае Юрый Казлоў.

На рахунку Алега Табакова больш за 120 роляў у кіно. У тым ліку ў культавых савецкіх фільмах "Масква слязам не верыць", "Гары, гары мая зорка", "Сямнаццаць імгненняў вясны".

Яго голасам гаварылі дзясяткі персанажаў мультфільмаў, на якіх вырасла не адно пакаленне.

Алег Табакоў нарадзіўся ў 1935 у Саратаве ў сям'і ўрачоў. Па матчынай лініі - нашчадак польскіх дваран. Любіў цяльняшкі, як і кот Матроскін, а акцёрам стаў дзякуючы матчынаму клопату.

Спрабуючы засцерагчы сына ад уплыву вуліцы, яна аддала яго ў драмгурток. Сын уцягнуўся. Затым была вучоба ў школе-студыі Маскоўскага мастацкага акадэмічнага тэатра і ўжо ў 1956-м - першая сур'ёзная роля ў кіно. Праўда, да блакітных экранаў драма "Тугі вузел" дабралася толькі ў канцы перабудовы. Дзесяцігоддзямі карціна пылілася ў фондах як ідэйна чужая.

Табакоў быў працаголікам. У 29 перанёс інфаркт з-за каласальных нагрузак на працы. Ён быў вельмі запатрабаваны ў кіно, на радыё, у тэатры.

Любімая роля на вялікай сцэне - Хлестакоў з гогалеўскага "Рэвізора". Зрэшты, маэстра арганічна ўжываўся ў любы вобраз: ці то кароль Людовік у "Трох мушкецёрах" або алкаголік і дэбашыр Сухадрышчаў у "Шырлі-Мырлі".

А вось адзіную жаночую ролю - міс Эндру з "Мэры Попінс" - Табакоў сыграў наогул без грыму. Пазней акцёр жартаваў: на экране ён проста паўтараў усё за любімай цешчай.

Табакоў іграў у Мастацкім акадэмічным тэатры, выкладаў у Дзяржаўным інстытуце тэатральнага мастацтва і нават заснаваў уласны тэатр - знакамітую "Табакерку". У 2000 узначаліў Мастацкі тэатр імя Чэхава, які неўзабаве стаў адным з самых перадавых і абсталяваных тэатраў свету. Сёння ў памяць аб кіраўніку ў Маскоўскім мастацкім адменены ўсе спектаклі.

У Алега Табакова засталася жонка - актрыса Марына Зудзіна і чацвёра дзяцей. Акцёр будзе пахаваны на Новадзявочых могілках у сталіцы Расіі.