На 79-м годзе пайшоў з жыцця акцёр тэатра і кіно Аляксей Пятрэнка

23 февраля 2017

Сумная вестка напярэдадні прыйшла з Масквы. На 79-м годзе пайшоў з жыцця акцёр тэатра і кіно Аляксей Пятрэнка. Глыбокія спачуванні родным і блізкім выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Народны артыст РСФСР за сваю кар'еру паспеў зняцца амаль у 80 карцінах. Ён той самы Карл I з "Мушкецёраў", Распуцін з фільма "Агонія", дзядуля з душашчыпальнай стужкі "Пахавайце мяне за плінтусам". Творчасць майстра непарыўна звязана і з нашай краінай. Аляксей Васілевіч з'яўляўся ганаровым госцем Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад", а таксама шмат здымаўся ў легенды айчыннага кінематографа - рэжысёра Міхаіла Пташука. Якім запомнілі выбітнага артыста і чалавека калегі, журналісты і гледачы - рэпартаж Іны Пілевіч.

Дэбютаваць у беларускім кінематографе яго падкупіла пуцёўка ў санаторый. Маскоўскага акцёра Аляксея Пятрэнку доўгі час угаворваў прыехаць у Мінск і зняцца ў сваёй карціне легенда айчыннага кіно Міхаіл Пташук. Але артысту нядужылася. Таму рэжысёр зрабіў прывабную прапанову - паабяцаў сумясціць працу з адпачынкам у здраўніцы.

Пятрэнка - акцёр першага плана ў трох карцінах Пташука. Наш рэжысёр давяраў маскоўскаму артысту глыбокія драматычныя вобразы. Сярод іх - двайнік Сталіна ў смелай карціне "Кааператыў "Палітбюро", якая стваралася ў ліхія 90-я з мэтай пераасэнсаваць савецкае мінулае.

Не менш яркім стаў і вобраз генерал-лейтэнанта Ягорава ў стужцы "У жніўні 44-га". Партнёрамі Пятрэнкі па ваеннай драме сталі зоркі беларускага і расійскага кіно.

Выхадзец з сялянскай сям'і з сяла Чэмер Чарнігаўскай вобласці Украіны. Выпускнік Харкаўскага тэатральнага інстытута пачынаў з малых роляў у Запарожжы. І толькі праз доўгія гады працы над сабою быў заўважаны вядучымі тэатрамі Расіі - на Малой Броннай, Маскоўскім мастацкім тэатрам, Школай сучаснай п'есы. Сваім Аляксея Пятрэнку лічылі і ў Беларусі. Не адзін сезон быў ганаровым госцем Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад", са сцэны якога шчыра прызнаваўся нашай краіне ў любові.

Зорка блокбастараў СССР - такім яго ведалі за мяжой і запрашалі да супрацоўніцтва. Аляксей Пятрэнка быў запатрабаваны і ў амерыканскай кінастудыі. Станісты, высокі, мужны, глыбокі, яго бясконца запрашалі іграць персанажаў розных ваенных чыноў. Віртуозна ўвасабляў гістарычных персаналій. Конан Дойль, Распуцін, Карл Першы, Пётр Першы - гэта ўсё ён.

Не пакідаў любімую прафесію, нягледзячы на хваробы. Адна з апошніх прац - агучванне лялечнага мультфільма "Гафманіяда". Народнага артыста не стала напярэдадні. Фінальныя цітры ў асабістым кіно Аляксея Пятрэнкі былі пастаўлены на 79-м годзе жыцця.