"Мы - для дзяцей" - дабрачынны праект Мінскай вобласці

25 мая 2018

Прафесійныя мастакі, музыканты, скульптары - выкладчыкі сталічнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка - вандруюць па гарадах і праводзяць майстар-класы. На карце творчай ініцыятывы - новы прыпынак - Узда. Вучні мясцовай школы мастацтваў прадэманстравалі ўласныя дасягненні, і самыя таленавітыя атрымалі запрашэнне на вучобу ў сталіцу. Аляксандра Кавеліч - пра новыя прасторы для творчасці.

У гэтай фігурнай форме ажываюць персанажы старажытнай Грэцыі. Юныя мастакі з Уздзенскай школы мастацтваў упершыню ствараюць карціны з гіпсу. Новы далікатны матэрыял для іх адкрывае прафесійны скульптар Наталля Стрыжнёва - выкладчыца Мінскай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка.

9-гадовая Аліна дзеліцца з гасцямі сваімі творчымі ідэямі. Дзяўчынка захапілася маляваннем яшчэ ў дзіцячым садку. Сёння - адна з першых прыйшла на майстар-клас па жывапісе.

Як правільна трымаць дыханне і ствараць музычную фразу. Такую тэму выбраў Руслан Андрэеў. Малады настаўнік упершыню ўдзельнічае ў творчым дабрачынным праекце.

Побач тэхніку адточваюць і піяністы. Трэнінгі ад сталічных майстроў таксама па сальфеджыа і харавым мастацтве.

Выкладчыкі гімназіі-каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка штогод адпраўляюцца ў такія творчыя вандроўкі. Свае прафесійныя парады даюць не толькі школьнікам, але і настаўнікам.

Цеснае творчае супрацоўніцтва дапамагае адкрыць таленты з малодшага ўзросту і падрыхтаваць іх на высокім узроўні. Садзейнічаць гэтаму будзе і мемарандум, які падпісалі кіраўніцтва Узды і гімназія-каледж.

Зараз тут у рэжыме "лайф" гучаць класічныя кампазіцыі, у суседняй зале на палотнах ажываюць таямнічыя вобразы. Юныя мастакі, а таксама музыканты і скульптары сёння не проста дэманструюць свае таленты, а і ўдзельнічаюць у своеасаблівым творчым турніры. Самых адораных і старанных запросяць на вучобу ў сталіцу.

Трэці год запар такі творчы кастынг паспяхова праходзяць сотні таленавітых школьнікаў з розных гарадоў Мінскай вобласці. Яны становяцца ўдзельнікамі маштабных выстаў і творчых праектаў, а сваё захапленне ператвараюць у прафесію.