Музычны загаловак для персанальнай выставы скульптара і графіка Сашы Шапо

18 августа 2016

Сюіта №45 толькі не па нотах, а ўніверсальнай мовай мастацтва

Музычны загаловак для сваёй персанальнай выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі выбраў скульптар і графік - Саша Шапо. Прадстаўнік вядомай у Беларусі творчай дынастыі - Шапо і старэйшы з трох братоў. Экспазыцыя - вынік працы за 17 гадоў, таму і ступень аўтарскага даверу да мінскай публікі максімальная. Расшыфраваць мастацкія пасланні паспрабавала Ніна Мажэйка.

Гэту майстэрню варта назваць дынастычнай. Месцяцца ажно чатыры мастакі. Усе з гучным прозвішчам Шапо. Вось жывапіс Паўла, непадалёк дэкаратыўныя работы Антона… Для працоўнага месца тут незвычайна прыбрана. Усё на сваім месцы. Нават калекцыя труб і прасаў «патрыярха» - Шапо-старэйшага. Яго месца над усімі - на другім паверсе. Адсюль адкрываецца панарама на сапраўдны скульптурны цэх Аляксандра. Тут і лік сумнай маці са сталічнага праспекта Дзяржынскага, і антычны Нарцыс з двума люстэркамі ў сучаснай апрацоўцы.

Шапо нават адраджае традыцыі ў тэхніцы той жа літаграфіі. Працы адціскае на станку, якому ўжо больш за 200 гадоў. Што да скульптуры – тут падыход асаблівы, "штучны". Максімальны тыраж яго злепкаў у бронзе – 8 адзінак.

Эпіграфам да экспазіцыі стала цытата з саламонаўскай «Песні песень». Насамрэч, мастацкае прысвячэнне жонцы Ксеніі. Таму і вобразы пераважна жаночыя. Супраць стэрэатыпаў, каб зразумець «шыфроўку» ад Шапо, не трэба быць філосафам. Усё з жыцця, прычым ад самога пачатку.

Сярод бронзы і дрэва, з якімі працуе аўтар, выдзяляецца, бадай, самы каштоўны матэрыял. Мораны дуб. Дрэва - вартае Радзівілаў. Вядома, што па моцнасці не ўступае камяням. Але менавіта яго пластычныя якасці ў фаворы скульптара.

Экспазіцыя з музычным падмуркам. Сюіта нумар 45 - своеасаблівы зрэз за творчую кар'еру. Тут і працы родам з 90-х, і нават зусім свежыя – завізіраваныя аўтарам гэтым годам.

Сёлета Шапо – 45. Самы час змяніць творчы псеўданім «Саша» на дарослае – Аляксандр. Але што не перашкаджае мастацтву, то яму дапамагае – гэта вопыт. Таму зямляк Шагала і Малевіча толькі зараз падводзіць першую чырвоную рысу як у скульптуры, так і ў літаграфіі.