Музейшчыкі Мінска распрацоўваюць машыну часу

16 августа 2013

Праз стэнды з QR-кодамі пракладаюць гістарычныя пешаходныя маршруты па горадзе. Пачаткам жа такіх віртуальных экскурсій стаў дом першага з'езду РСДРП. Менавіта на базе аднаго з самых мініяцюрных музеяў краіны прэзентавалі мабільны аўдыёгід.


Як працуе персанальны экскурсавод і навігатар і чаму гаджэты ўкараняюць з музея рэвалюцыі, даведвалася Юлія Чаргінец. Інтэр'еры пакоя чыгуначнага службоўца былі вядомыя ўсяму Савецкаму Саюзу. У 20-х тут кватараваў Купала, прыязджалі тысячы турыстаў, партыйныя дэлегацыі. Пабывалі кубінскі лідар Кастра, генеральны сакратар Брэжнеў, заснавальнік сацыялістычнай Югаславіі Ціта. Пасля нядаўняй рэканструкцыі экспазіцыя музея выйшла за рамкі рэвалюцыйнай тэматыкі.


Два падсвечнікі і люстэрка - усё, што захавалася з часу зараджэння Кампартыі. Астатняе аднаўлялі па ўспамінах і архіўных чарцяжах.


90 гадоў таму музей пачынаўся вось з гэтага пакоя, дзе праходзіў з'езд Сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі. Пасля да яго далучылася другая частка дома, якая заставалася жылой да самай войны, і зараз па гэтым невялікім доме-музеі будзе вадзіць аўдыёгід у тэлефоне.


На стэндах паказаныя QR-коды, якія загружаюць на мабільнік або планшэт інфармацыю ў аўдыё- і тэкставай версіі. Гэтыя звесткі наведвальнік можа знесці з сабою.


Музей РСДРП дзякуючы сваім малым памерам стаў першым для эксперыментаў. Але планы музейшчыкаў ідуць далёка ў горад.


У QR-коды збіраюцца зашыфроўваць гульні і візуальныя карціны. Каб артэфакты былі мабільнейшыя адпаведна сучаснікам.