Музейны запаведнік "Смольня" адзначыў паўвекавы юбілей

14 июня 2017

Сядзібу сям'і Міцкевічаў - месца, дзе Якуб Колас ствараў літаратурныя дэкарацыі і пісаў вобразы галоўных герояў, - завуць няйначай як вясковым кабінетам Песняра. Падрабязней - Ніна Мажэйка.

«Колас і яго саматканая праўда сялянскай душы». Словы паэта Кавалёва калісьці сталі характарыстыкай беларускага класіка. Хрэстаматыйныя радкі пра родны кут тут, на Стаўбцоўшчыне, раскрываюцца ва ўсёй палітры. Сядзіба ў Смольні - першая ўласная маёмасць Міцкевічаў.

Зінаіда Камароўская, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа: "Гэта іх першая ўласнасць, гэта ўласная хата. Калі хата ў Акінчыцах ці ў Альбуце - гэта былі службовыя хаты, то менавіта гэта іх хата. Тут у асноўным тыя рэчы, якімі і дзядзька Антось карыстаўся, рэчы маці Якуба Коласа".

Упершыню Колас прыехаў у Смольню ў 1911. Пасля арышту. Потым бываў тут зрэдку - настаўнічаў на Палессі. Тут жылі маці з сёстрамі і братамі і той самы дзядзька Антось з «Новай зямлі». Драўляная хата і сёння падзелена на дзве паловы. А тады ў нежылой Колас працаваў да самай раніцы. Вось такі сялянскі кабінет.

Пра «Коласавую хату» ўзгадвае нават Янка Купала. Сябра і паплечнік, таксама класік упершыню прыехаў сюды ўлетку 1912 года. Калі абодвум аўтарам было па 30. Разам з Коласам сядзелі пад гэтымі ліпамі. Садзіў сам Колас. Да іх у Смольні павага асаблівая.

Купала пешшу ішоў са Стоўбцаў у Смольню, каб сустрэцца з чалавекам, якога ніколі не бачыў асабіста. Да Коласа ў Смольню з'язджаліся яркія дзеячы той эпохі. Сам жа класік пабываў тут апошні раз у 56-м годзе. Развітаўся. А праз год тут з'явіўся двухпавярховы будынак з цэглы. Яшчэ праз 10 Смольню зрабілі музеем.

Валянціна Іваноўская, намеснік старшыні Таварыства беларускай культуры «Спадчына» (Літва): "Для нас, беларусаў, якія жывуць у Друскеніках, наша таварыства называецца «Спадчына», таму што першая песня, якую выконвалі ў нашым ансамблі, была менавіта на словы Якуба Коласа".

На коласаўскія мясціны прыязджалі турысты з Эфіопіі і Аргенціны. У юбілейны год класіка такое культурнае паломніцтва не нонсэнс. Дэлегацыі, кветкі… А бронзавы Колас нібы нагадвае, што галоўны помнік той, які ў кнігах.