Музейная бяссонніца сёння ахопіць сталіцу

16 мая 2015

Сёння ўвесь свет рыхтуецца адзначыць Міжнародны дзень музеяў. Толькі раз на год - напярэдадні гэтага свята - любы музей можна наведаць нават уначы. Ідэя "ночы адчыненых дзвярэй" нарадзілася ў Германіі, пазней ініцыятыву падхапілі ў многіх краінах. Зараз гэта міжнародная акцыя набірае папулярнасць і ў Беларусі. Аб тым, якія праграмы сёлета падрыхтавалі гледачам сталічныя выставачныя пляцоўкі - у рэпартажы Юліі Лосікавай.

У заходняй артхвалі начных паходаў у музей Беларусь удзельнічае ўжо 10 гадоў. З тых часоў гэту акцыю падтрымліваюць не толькі выставачныя прасторы, але таксама паркі, тэатры і бібліятэкі. Асаблівую праграму сёлета падрыхтаваў нават сталічны планетарый. Увогуле для паўночнікаў свае дзверы расхінуць больш як 20 арт-прастор.

У панадворку Нацыянальнага гістарычнага музея арганізуюць майстар-клас па танцах і гульні на барабанах, таксама дазволяць прымерыць Пінжак-афрадызіяк. Музей Азгура будзе круціць мастацкія стужкі рэжысёра Параджанава. А самы актыўны ўдзельнік акцыі - Нацыянальны мастацкі музей - сёлета падрыхтаваў 15 лакацый: ажыўшыя карціны, тэкстыльная выстава "Снежнае лета", паказ нямых кароткаметражак і вуха Ван Гога.

Упершыню сёлета мінчане змогуць пабыць лялькаводамі беларускай Батлейкі ў філіяле Музея тэатральнай і музычнай культуры. Адна з самых насычаных праграм чакае наведвальнікаў у Музеі Якуба Коласа. Вечар пачнецца інтэрактыўнай экскурсіяй па ажыўшай экспазіцыі, эксклюзівам стане магчымасць пасядзець за сталом вялікага класіка і напісаць патаемнае жаданне пяром, якое яму належала.

Удзел у праекце "Ноч музеяў" аднолькава прэстыжны для музеяў і для наведвальнікаў - гэта ноч сапраўдных знатакоў мастацтва. Сёння музейная бяссоніца ахопіць увесь горад. Многія мерапрыемствы прадугледжваюць свабоднае наведванне і будуць прымаць гасцей да паўночы.