Музей гісторыі беларускай літаратуры прапануе экспазіцыю Анатоля Каплана

13 июля 2017

З вырабу гандлёвых шыльдаў у майстры графічных тэхнік. Музей гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску прапануе экспазіцыю Анатоля Каплана. На вернісажы пабывала Вольга Мядзведзь.

Да сярэдзіны двухтысячных работ аднаго з найбуйнейшых майстроў графікі ХХ стагоддзя, выхадца з Рагачова, на родных землях амаль не было. Акрамя вось гэтых афортаў. У 2006-м сябры Анатоля Каплана, знатакі яго мастацтва перадалі нашым музейшчыкам у дар сваю калекцыю. У яе ўвайшлі не толькі творы арыгінальнай і тыражнай графікі, але і альбомы з эскізамі.

Цяпер гэта фонды рагачоўскага музея. Для экспанавання ў сталіцу прывезлі невялікую частку калекцыі - выключна арыгіналы графікі. Тут літаграфіі, афорты і блакноты з замалёўкамі Анатоля Каплана, дзе ён фіксаваў менавіта родны куток. Яшчэ пры жыцці шэраг сваіх твораў ён асабіста падарыў дзіцячай мастацкай школе Рагачова. Але больш яскравую частку яго мастацтва можна прасачыць на старонках кніг.

Графіка мастака - гэта ядро экспазіцыі. Выстава "Краіна мястэчак Анатоля Каплана" - гэта своеасаблівае прысвячэнне невялікім беларускім куткам. Творы Змітрака Бядулі, Кузьмы Чорнага і іншых нацыянальных аўтараў ХХ стагоддзя на адной арт-прасторы з працамі Каплана даюць магчымасць зазірнуць у свет беларускага мястэчка тых часоў.