Музей старажытнабеларускай культуры выпусціў першы альбом эксклюзіўнай серыі - калекцыі

22 Ліпеня 2019

Музей старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук выпусціў першы альбом эксклюзіўнай серыі - калекцыі. Глянцавае выданне распавядзе і пакажа прадметы гісторыка-культурнай спадчыны з фондаў музея. Пачалі з сакральнага жывапісу. Як праводзяць рэанімацыю гістарычнай спадчыны - Ніна Мажэйка.

Скальпель, сціскач, пінцэт… Ідзе аперацыя па выратаванні гістарычнай каштоўнасці. Рэстаўратар - той жа хірург, дакладней, лекар даўніны. Ачышчае ад пылу і бруду адварот іконы, каб пасля прадубляваць абраз на новае палатно. Дарэчы, роднае прыйшлося нават падлатаць. 

У рэстаўрацыйную лабараторыю прадметы трапляюць з фондасховішча Музея старажытнабеларускай культуры. 600 квадратных метраў, больш за 30 000 адзінак захоўвання. Іканапіс, сакральная скульптура, мастацкія і побытавыя тканіны, кераміка, шкло збіраліся дзесяцігоддзямі. Трапілі на баланс музея са статусам навуковага здабытку рознымі шляхамі: закупкі, падарункі і, вядома, экспедыцыі - за год праводзяць па 3-4. Дарэчы, экспанаты яшчэ і практычны матэрыял: па іх навучаюць новае пакаленне рэстаўратараў Акадэміі мастацтваў.

Гэта не часовая экспазіцыя, а сапраўдная лабараторыя. Адсюль абразы трапляюць проста на стол да студэнтаў, якія праходзяць капійную практыку. Вось гэты абраз Мікалая Цудатворцы. Ён паступіў з вёскі Чарнякова Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Згодна з кнігай паступленняў, нумар 228. Усё падлічана, усё зроблена такім чынам, каб без цяжкасці знайсці экспанат. 

Сёлета выратавалі вось гэты абраз прыблізна першай паловы XVIII стагоддзя. У працэсе рэстаўрацыі высветлілася: ікона мае два жывапісныя пласты. Уніяцкага Хрыста проста замянілі праваслаўным згодна з тагачаснай модай. А вось пісаць імёны мастакоў было непрынята. Таму высвятленне асобы аўтара - яшчэ адзін напрамак даследаванняў. 

Сакральная калекцыя музея ў сваіх памерах другая ў краіне. Толькі жывапісу тут амаль 700 помнікаў. 280 з іх выпусцілі ў глянцы. "Беларускі іканапіс. Ад XVI стагоддзя да пачатку XX" - першы альбом запланаванай серыі, якая дасць уяўленне пра кожны збор музея. Шматтысячны фонд можна будзе размясціць на адной паліцы.