Музей старажытнабеларускай культуры выдаў першы альбом эксклюзіўнай серыі - калекцыі

22 июля 2019

Музей старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук выдаў першы альбом эксклюзіўнай серыі - калекцыі.

Глянцавае выданне распавядзе і пакажа прадметы гісторыка-культурнай спадчыны з фондаў музея. Стартавалі з сакральнага жывапісу. Як праводзяць рэанімацыю гістарычнай спадчыны, раскажа Ніна Мажэйка.

Скальпель, сціскач, пінцэт. Ідзе аперацыя па выратаванні гістарычнай каштоўнасці. Рэстаўратар - той жа хірург,  а дакладна лекар даўніны. Ачышчае ад пылу і гразі адварот іконы, каб пасля прадубліраваць абраз на новае палатно. Дарэчы, "роднае" прыйшлося нават падлатаць. 

У рэстаўрацыйную лабараторыю прадметы трапляюць з фондасховішча Музея старажытнабеларускай культуры. 600 квадратных метраў, больш за 30 тысяч адзінак захоўвання. Іканапіс, сакральная скульптура, мастацкія і побытавыя тканіны, кераміка, шкло збіраліся дзесяцігоддзямі. Трапілі на баланс музея са статусам навуковага здабытку рознымі шляхамі: закупкі, падарункі і, вядома, экспедыцыі. За  год іх праводзяць па тры-чатыры. Дарэчы, экспанаты яшчэ і практычны матэрыял - па іх вучаць новае пакаленне рэстаўратараў Акадэміі мастацтваў.

Гэта не часовая экспазіцыя, а сапраўдная лабараторыя. Адсюль абразы трапляюць прама на стол да студэнтаў, якія праходзяць капійную практыку. Вось гэты абраз Мікалая Цудатворца з вёскі Чарнякова Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Згодна з кнігай паступленняў, нумар 228. Усё падлічана, усё зроблена такім чынам, каб без абмежаванняў знайсці экспанат. 

Сёлета выратавалі вось гэты абраз прыблізна першай паловы XVIII стагоддзя. У працэсе рэстаўрацыі высветлілася:  ікона мае два жывапісныя слаі. Уніяцкага Хрыста проста змянілі на праваслаўнага згодна з тагачаснай "модай". А вось пісаць імёны мастакоў было не камільфо. Таму высвятленне асобы аўтара – яшчэ адзін напрамак даследаванняў. 

Сакральная калекцыя музея па сваіх памерах другая ў краіне. Толькі жывапісу тут амаль 700 помнікаў. 280 з іх выпусцілі ў глянцы. "Беларускі іканапіс. Ад XVI стагоддзя да пачатку XX" - першы альбом запланаванай серыі, якая дасць уяўленне пра кожны збор музея. Шматтысячны фонд можна будзе размясціць на адной паліцы.