Музеі і тэатры пашырылі культурную праграму для жыхароў і гасцей святочнага Брэста

6 сентября 2019

Феерычная атмасфера Брэста - мінімум у шасці лакацыях горада. Дадаткова пашырылі культурную праграму музеі і тэатры. Для жыхароў і гасцей маладзейшых і аматараў сярэднявечнай гісторыі  абноўлена экспазіцыя музея "Бярэсьце" і новы фэст ад Брэсцкага тэатра лялек. 

Дарэчы, наш культурны аглядальнік Лідзія Заблоцкая - з намі на сувязі. У яе падрабязнасці забаўнай афішы (прамое ўключэнне).

Добрага дня! Так, сапраўды, расказаць ёсць пра што. Зараз мы знаходзімся на самай творчай лакацыі для дзяцей. Вось тут, у Брэсцкім тэатры лялек, стартаваў фестываль, які аб'яднаў спектаклі і дзіцячыя кнігі  "Кніжны шкап". У афішы - 70 культурных падзей. За маёй спінай як раз Вялікі кніжны маркет, выстава беларускіх мастакоў і інтэрактыўныя спектаклі для дзяцей. Тут жа  можна выпіць гарбату з Алісай з казкі і пагутарыць з ёй на англійскай мове, а ў залах для майстар-класаў - інтэрактыўныя і нават гучныя чытанні.

У гэтыя ж хвіліны ў трох залах тэатра  паказваюць казкі. Пастаноўкі - на беларускай мове ад труп з Віцебска, Брэста і Салігорска. Калектывы не толькі з Беларусі. Геаграфія  з шасці краін. У спісе - Польшча, Ізраіль, Расія, Эстонія і Украіна. Усяго пакажуць больш як трыццаць казак. Прапаную паглядзець урывак спектакля і паслухаць каментарыі акцёраў і галоўнага арганізатара фестывалю.

Найбуйнейшы археалагічны музей "Бярэсьце" абнавіў экспазіцыю да 1200 экспанатаў.

І пакуль тут кожнае дзіця знаходзіць занятак па душы, дарослыя  могуць унесці ў спіс планаў "must see" абноўленую экспазіцыю археалагічнага музея "Бярэсьце". Напярэдадні наша здымачная група пабывала там. Зараз - не толькі закансерваваныя раскопкі, але і 14 інавацыйных залаў з максімальнай візуалізацыяй. Карацей, убачыць атмасферу Бярэсьця ў 13 стагоддзі стала яшчэ прасцей.

Музей адкрыецца для гасцей  ужо заўтра. Там жа з 14:00 - рыцарскія турніры і тэатралізаваныя кампазіцыі. Таму ў любы момант можна разнастаіць свой гарадскі маршрут. Наша здымачная група працягвае сачыць за культурнымі навінкамі.