Маскоўскі тэатр на Таганцы ў Мінску паказвае спектакль Я, Высоцкі Уладзімір

25 октября 2013

Гэта адна з нешматлікіх пастановак, рэжысёрам якой быў найбліжэйшы сябар паэта Валерый Залатухін. Да тэмы легендарнай асобы акцёры не менш знакамітага тэатра звяртаюцца не ўпершыню, але гэтым разам на сцэне разгортваецца гісторыя цэлага рамана.


Чаму акцёры адмовіліся іграць душэўныя пакуты Высоцкага і Уладзі, даведвалася Юлія Чаргінец. Споведзь Уладзімір, або Перапынены палёт аўтарства музы, жонкі Высоцкага - Марыны Уладзі - стала асновай не толькі яе ўласнага монаспекталя. Мемуары, напісаныя праз некалькі гадоў пасля смерці паэта, натхнілі і блізкага сябра.


Валерый Залатухін зрабіў гісторыю кахання Высоцкага сваёй першай рэжысёрскай працай. Усяго іх было дзве. У гэтым спектаклі няма дэкарацый і светлавых эфектаў. І тут Высоцкі паўстае ў першую чаргу не як паэт, а чалавек, які моцна кахае. Рамантычнае спатканне даўжынёй 12 гадоў на гэтай сцэне праходзіць за дзве гадзіны.


Раман на споведзі пастаўлены на мужа і жонку, якія ведалі Высоцкага асабіста. Яны з таго залатога складу трупы, як і Высоцкі. Калі пераўтвораны Любімавым тэатр на Таганцы сталі называць самым авангардным у краіне. Не іграюць, распавядаюць пра адносіны Уладзі і Высоцкага.


Валерый Чарняеў пяць гадоў дзяліў грымёрную з Высоцкім. Нават яго дубліраваў. Мог сам стварыць п'есу са сваіх успамінаў, але так пранізліва, як Уладзі, яшчэ ніхто не сказаў. Яго спадарожніца ў кар'еры і жыцці вядомая па фільмах Хаджэнне па пакутах, Чужая вотчына. У апошнім здымалася са Станютай і нават навучылася гаварыць па-беларуску.


Акцёрскае майстэрства дапамагае ім пераадолець асабісты боль, які нават праз 33 гады са смерці Высоцкага дагэтуль адчуваецца. Гэта бачна і па зале Дома Масквы, які толькі зараз набывае тэатральны статус.