“Маладыя таленты" - любым матулям"

6 марта 2015

Канцэрт уладальнікаў Гран-пры і лаўрэатаў 4-га Нацыянальнага радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі" адбыўся ў Верхнім горадзе.

На сцэне выступілі больш за дваццаць юных музыкантаў.

Усе падрабязнасці ў Наталлі Тарасюк.

Юныя музыканты - удзельнікі фальклорнага ансамбля і лаўрэаты радыёконкурсу ў намінацыі “Спадчына” - рыхтуюцца да выніковага канцэрта. Доўгія рэпетыцыі і выступленні на розных этапах творчага спаборніцтва цяпер засталіся ў мінулым.

Замест строгага журы і студыі Дома беларускага радыё - удзячная публіка і сталічная канцэртная зала “Верхні горад”. Пераможцы нацыянальнага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі” чарговы раз выканалі на біс свае інструментальныя і вакальныя нумары. Варта дадаць, удзельнікі асабліва імкнуліся дабіцца ідэальнага гучання, бо падчас канцэрта ішоў запіс.

Музычнае трыа з Дзяржынска на гэтай сцэне выконвала праграму для флейты з фартэпіяна не аднойчы. А вось гэты гурт саксафаністаў для “Верхняга горада” выбраў менавіта сваю пераможную кампазіцыю.

А вось уладальнікі Гран-пры конкурсу ў намінацыі “Інструментальная музыка. Ансамблі” творы Шапэна і Баха іграюць на чатыры рукі. Дзяўчыны праводзяць не меней за тры гадзіны кожны дзень за фартэпіяна. Такая падрыхтоўка заўсёды дазваляе дуэту выдатна выступаць.

Запрашэнні на канцэрт - у руках асаблівых гасцей. На выступленне спецыяльна запрасілі дзяцей са шматдзетных сем'яў, дзіцячых дамоў, пацыентаў лячэбных устаноў і жанчын - уладальніц ордэна Маці.

Музычны падарунак для слухачоў у эфіры першага радыёканала запланаваны на святочны дзень - Восьмага сакавіка. У 22 гадзіны на хвалях прагучыць гадзінны канцэрт пад назвай “Маладыя таленты" - любым матулям”.