Маладзёжны сімфанічны аркестр пачынае свае гастролі

6 августа 2013

Сёння - у мінскім Верхнім горадзе, заўтра - у Кембрыджы і дзвюх найбуйнейшых залах Лондана! Сумесны праект Саюзнай дзяржавы - маладзёжны сімфанічны аркестр - пачынае свае гастролі. Вось ужо 5 гадоў гэты калектыў падчас летніх канікул аб'ядноўвае таленавітых музыкантаў з усіх рэгіёнаў Расіі і Беларусі.


На рэпетыцыі пабывала Наталля Бардзілоўская.


Гэтае суладнае гучанне - вынік усяго пары сумесных рэпетыцый юных беларусаў і расіян. Кожны з сямідзесяці ўдзельнікаў праекта па класах, індывідуальна, з педагогамі вывучаў сваю партыю ўвесь навучальны год. Стос нот. Пяць твораў. Ад рамантыка Мендэльсона да авангардыста Шнітке. Ад канцэрта для цымбалаў Смольскага да папуры на тэмы Бітлз.


Андрэй Галанаў, дырыжор Маладзёжнага беларуска-расійскага сімфанічнага аркестра, лаўрэат нацыянальнай прэміі За духоўнае адраджэнне (Мінск): Гэта лепшыя дзеці. Усе яны вучні або Цэнтральнай музычнай школы пры кансерваторыі імя Чайкоўскага, або нашага каледжа пры Беларускай акадэміі музыкі. Усе лаўрэаты, вельмі выдатныя музыканты. Усе таленавітыя. Задача дырыжораў - аб'яднаць іх у адну ідэю: сольная практыка ў іх досыць багатая, а тут іншая сфера - ігра ў аркестры.


Уменне іграць у аркестры, чуць калегу і ствараць унісон - вопыт, каштоўны для любога саліста. У беларуска-расійскім калектыве аб'ядноўваюцца дзве братэрскія музычныя школы, а ўдзельнікі знаходзяць сяброўства. Замежнай публіцы разам яны дэманструюць магчымасці і дасягненні нашай выканальніцкай культуры.


Сёння - у мінскім Верхнім горадзе. А заўтра яны ляцяць у Вялікабрытанію. У Кембрыджы закрываюць знакаміты музычны фестываль, а ў Лондане даюць канцэрты ў двух найбуйнейшых кафедральных саборах.


Гастрольная геаграфія беларуска-расійскага маладзёжнага аркестра ўражвае. Сімфанічныя шэдэўры ў выкананні калектыва чулі ў Германіі, Чэхіі, Італіі. Зараз на карце музыкантаў з'явяцца Кембрыдж і Лондан. Але ў прыярытэце іх выступленняў - айчынная публіка, слухачы Беларусі і Расіі. Праект стартаваў у Мінску, а завершыцца ў Калузе.