Паэтычная гасцёўня, горад майстроў, выставы народнай творчасці і заключны гала-канцэрт Спадчына Песняроў... Праграма другога дня Нацыянальнага фестывалю беларускай эстраднай песні і паэзіі. Дарэчы, яна прымеркаваная да 45-годдзя ансамбля Песняры. Музычнае свята з больш чым 20-гадовай гісторыяй праходзіць традыцыйна ў Маладзечне. Галоўная інтрыга фестывалю - конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай музыкі.
Каму сёлета дастаўся Гран-пры, ведае Аляксандра Драгун. Два дні беларускай песні і паэзіі... Маладзечна прымае 14-ы нацыянальны фестываль. Сёлета прымеркаваны дзвюм важным падзеям - 70-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў і 45-годдзю ансамбля Песняры.
Праграма фестывалю з нацыянальным каларытам - паэтычная гасцёўня, канцэрт акадэмічнай і сучаснай музыкі, творчыя сустрэчы з беларускімі кампазітарамі. І, безумоўна, інтрыга свята - конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні.
Паводле традыцыі, з кожнага раёна па тры маладыя выканаўцы прэтэндуюць на перамогу. Яўгенія з мілагучным прозвішчам Салаўёва прадстаўляе Магілёўскую вобласць. Сама, як тая птушка, спявае звонка і на конкурсе выступае пад першым нумарам. Таму раней за ўсіх рыхтуе свой канцэртны ўбор.
Сёлета конкурс маладых выканаўцаў адкрывае фестываль. У рэпертуары музыкантаў выключна беларускамоўныя песні, а таксама народныя ў сучаснай апрацоўцы.
Самая багатая на ўзнагароды - Мінская вобласць. Журы высока ацаніла працу адразу трох выканаўцаў. Аліна Молаш удастоена Гран-пры, а Артур Міхайлаў і Наталля Ламака па-братэрску падзялілі 2-е месца.
Разам з музычнымі віртуозамі сваю творчасць прэзентуюць народныя ўмельцы. Цэнтральная плошча Маладзечна ператварылася ў горад майстроў. Скрапбукінг, пляценне на каклюшках, упрыгажэнні з бісеру і тканіны. У сучасных тэхніках адраджаюць майстэрства прабабуль.
Музычны фестываль не абмежаваўся толькі пляцоўкамі Маладзечна. Сёння ў 18 гадзін у пасёлку Чысць Нацыянальны акадэмічны аркестр Беларусі ладзіць гала-канцэрт эстраднай песні.














