Маладзечна акунуўся ў атмасферу ХІХ стагоддзя

3 марта 2016

Музычны каледж імя Міхала Клеафаса Агінскага ператварыўся ў месца для сапраўднага шляхецкага балю. Тут можна было станцаваць паланэз, прызнацца ў пачуццях праз старажытную гульню і атрымаць фотаздымак на памяць. Дарэчы, творчы праект - своеасаблівая абарона дыпломнай працы. Урачысты вечар арганізавала студэнтка пятага курса Акадэміі мастацтваў. Атмасферу шляхты ХІХ стагоддзя ацаніла і Юлія Токар.

Вячэрнія сукенкі, касцюмы і смокінгі. Атмасферу ХІХ стагоддзя стварылі менавіта тут. Маладзечанскі музычны каледж імя Міхала Клеафаса Агінскага ўпершыню ператварыўся ў пляцоўку для шляхецкага балю. Святочны вечар у калоннай зале па традыцыі распачалі з урачыстага паланэза, падчас якога ўсе ўдзельнікі (а іх было больш за сотню) сінхроннымі рухамі стварылі адзіную кампазіцыю галоўнага танца.

Гэты шляхецкі баль не проста музычна-танцавальная імпрэза, а абарона дыпломнай працы. Такі творчы праект падрыхтавала студэнтка пятага курса Акадэміі мастацтваў Алеся Каролік.

Эпоху шляхты адрадзілі праз тэатралізаваную пастаноўку з гульнямі, жартамі, размовамі, у аснову якой паклалі гісторыю кахання двух маладых людзей.

А каб галоўныя героі маглі прызнацца ў пачуццях, тут узгадалі старажытную гульню «Салодкая цукровіна». Хлопец перадае дзяўчыне сакавіты марцыпан, у адказ яна павязвае на яго руку чырвоную стужку як сімвал жыцця і кахання.

Падчас свята ладзяцца і майстар-класы. Зараз вывучаюць гіштальскі вальс. Партнёры стаяць па крузе і плаўнымі крокамі мяняюцца месцамі. Такім чынам усе ўдзельнікі свята могуць пазнаёміцца.

Усе ахвотныя маглі заказаць свой партрэт - на балі працавала фотазона і малявалі сапраўдныя мастакі. А музычны антураж стваралі духавы, струнны і вакальны ансамблі.