Магілёўскаму касцёлу ўжо тры стагоддзі

29 декабря 2013

Магілёўскі касцёл… Яму ўжо тры стагоддзі, а вось вызначыцца з канчатковай назвай пакуль не атрымліваецца. Першапачатковае імя касцёла - сабор Прачыстай Прасвятой Дзевы Марыі. Сучасныя гісторыкі, насупраць, схіляюцца да імя Святога Станіслава.


У падрабязнасцях разбіралася Наталля Бардзілоўская. У святара магілёўскага каталіцкага сабора спрэчкі ўзнікаюць толькі наконт таго, чым больш смачным гасцей пачаставаць. Што тычыцца спраў касцёльных ды духоўных - на ўсё філасофскі біблейскі погляд. У планах - наведаць святога Міколу ў Грэцыі, паднавіць сцены роднага храма, асвяжыць двухсотгадовыя фрэскі, усталяваць жывы - неэлектрычны - арган. Хаця маладзёжнай групе, што існуе пры касцёле, больш падабаецца не арганная класіка, а ўласнае музіцырванне пад святымі купаламі.


Літургіі, таінствы, катэхізацыя, фестываль Магутны Божа. Клуб каталіцкай інтэлігенцыі, лекцыі, начныя чуванні, пілігрымкі - гэта сённяшняе жыццё магілёўскага касцёла, сіла веры якога - з Хрыстом і ў Хрысце.


І ўсе ж у наладжаным жыцці гэтага храма есць векавая інтрыга. Яна - у яго назве. Пабудаваны ў 18-ым стагоддзі барочны касцёл першапачатковым імем сваім адлюстроўваў галоўны каталіцкі культ - культ Прасвятой Дзевы Марыі. Сабор быў асвечаны ў гонар Прачыстай Прасвятой Дзевы.


Больш звыклая для свецкіх гараджан назва храма - імя Святога Станіслава. Гэтую назву касцёл набыў напрыканцы 18-га стагоддзя, калі Магілёўшчына ўвайшла ў склад Расійскай імперыі і на чале Магілёўскага арцыбіскупства стаў Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч.


Напэўна, гэта ён - адзін з найважнейшых каталіцкіх святых - Станіслаў - дапамог касцёлу ўцалець у гады савецкага атэізму. На пачатку 20 стагоддзя тут быў гарадскі архіў, а фрэскі - не знішчаныя, проста зафарбаваныя. Вялікая Айчынная на час аднавіла касцёльныя службы, але сапраўднае адраджэнне магілёўскі касцёл атрымаў у часы незалежнай Беларусі. Італьянскія мастакі аднавілі фрэскі, а парафіяльнае жыццё - самі вернікі-магіляўчане.