Магілёў прыняў фестываль духоўнай музыкі "Магутны Божа"

25 мая 2019

Свята званоў, конкурс харавых калектываў і тэматычныя кірмашы. Магілёў прыняў адзін з самых яркіх фестываляў духоўнай музыкі - "Магутны Божа". Сёлета падзея прымеркавана і да 30-годдзя Магілёўскай епархіі. Арганная музыка, сучаснае выкананне, барды, італьянская эстрада - увесь тыдзень на канцэртных пляцоўках горада. 

Андрэй Ястрабаў - пра самыя цікавыя моманты фестывалю.  Ударныя, акустычная гітара, а галоўнае – родная мова. У выпадку з Андрэем і Веранікай Плотнікавымі з горада, які нават цяжка вымавіць, – Йыхві - эстонская. Аднак цяжкасцяў перакладу для гледача ніякіх, бо галоўнае - не словы, а сяброўскія шчырыя адносіны паміж краінамі.

Алена - з Беларусі, Яўген - з Літвы. Гэтая музычная пара ўвогуле лічыць свой сямейны дуэт міжнародным. Дзеляцца: фэст прывабіў сваёй шматграннасцю, бо тут разам розныя канфесіі.  Больш за паўтары тысячы музыкантаў, вакалісты з 14 краін: ЗША, Расіі, Фінляндыі, упершыню з Партугаліі, Швейцарыі, Аўстрыі. Музыка гучыць з усіх канцэртных пляцовак. З раніцы да позняга вечара. Нават  рэп пра каштоўнасці, якія часам страчваюць людзі. 

Італьянская эстрада таксама завітала ў Магілёў. Сапраўдныя зоркі - П’ера Мантанара і дуэт "Кантавіна Док". Пад акампанемент сімфанічнага аркестра і сола. У захапленні ад узроўню фестывалю.  Канцэрты арганнай музыкі і, зразумела, класіка фестывалю - конкурс харавых калектываў (у тым ліку царкоўных) і вакалістаў. Яго прымае касцёл Успення Прасвятой Дзевы Марыі са сваёй непаўторнай акустыкай і антуражам.

А яшчэ - шматлікія сустрэчы. У тым ліку с паважанымі асобамі, якія таксама ўражаныя маштабамі свята. Напрыклад, прадстаўнік Ватыкана ў Беларусі, дыпламат, апостальскі нунцый Габар Пінтар. Сёлета ён сярод ганаровых гасцей фестывалю. 

Выставы, кірмашы. Фестываль атрымаўся па-сямейнаму цёплым з праграмай на любы густ. Яшчэ адна асаблівасць - кожны дзень фэсту пачынаецца і завяршаецца званамі. Цудоўную мелодыю чуваць па ўсім горадзе.  Вось і сёння - незабыўная раніца.