Моду на арт-гатэлі ўводзіць галерэя мастацтва "Галерэя ДК"

14 Сакавіка 2015

Моду на арт-гатэлі ўводзіць галерэя класічнага і сучаснага мастацтва "Галерэя ДК".

Але замест прынятых у Еўропе рэпрадукцый - сапраўдныя арыгіналы. На розных паверхах аднаго са сталічных гатэляў вісяць каля сотні палотнаў беларускіх мастакоў.

На тэрыторыі імправізаванай арт-прасторы пабывала і Ніна Мажэйка.

Гучны аўтарскі праект пашырае межы. Замест аднаго-двух паверхаў – адразу сем пад сучасны беларускі жывапіс. Дарэчы, гатэль у цэнтры сталіцы – аб’ект гістарычны. Яшчэ ў ХІХ стагоддзі яго як адну з галоўных славутасцяў горада акварэллю напісаў польскі мастак, прыдворны Міхаіла Радзівіла Юзаф Пешка. Але ад таго будынка нічога не засталося. Сучасны быў створаны ў 2007. У аснове праекта стыль мадэрн пачатку ХХ стагоддзя. Сталы прытулак творчай багемы і сёння выкарыстоўваюць у творчых мэтах.

Кацярына Давыдава, дырэктар “Галерэі ДК”:

"Мы паказалі цалкам розных аўтараў, назвалі гэтую выставу ўмоўна "Ад класікі да авангарда". Таму што ў нас на 5 паверсе гасцініцы паказаны цалкам класічны Леанід Гоманаў і на процівагу яму ў нас такі авангардыст, вельмі моцны авангардыст, можа быць, не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе Аляксандр Забаўчык".

Такую пабудову не знойдзеш не толькі ў Мінску, але і ў Беларусі ўвогуле. Гатэль атрыўмнага тыпу – гэта значыць, палотны беларускіх сучасных мастакоў будзе бачна амаль з любога пункта ў холе, нават калі ты знаходзішся на іншым паверсе.

Пастаяльцы з нумару адразу трапляюць на ўнутраную адкрытую галерэю-балкон. Зараз мы знаходзімся як раз у цэнтры атрыума, ці ў каведыуме. Адсюль бачна не толькі свой паверх, але і астатнія сем.

Экскурсія працягваецца, нават калі едзеш у панарамным ліфце. Рашэнне экспанаваць работы беларускіх сучасных мастакоў у гатэлі такога тыпу абумоўлена, па-першае, аглядам, па-другое – прэстыжам. Кожны дзень тут спыняюцца дзясяткі і сотні іншаземцаў. Той жа беларускі авангард – цікавая знаходка. Акрылавыя работы аднаго з абстракцыяністаў займаюць увесь 4 паверх.

З хатняй калекцыі. Імпрэсіяністы з-пад Брэста Валерый і Таццяна Патворавы працуюць амаль у класічнай тэхніцы. Калі прыгледзецца, яна нагадвае знаёмы пуантылізм – калі мастак піша нібы кропкамі. Працуюць у адной манеры – адбіліся роднасныя сувязі.

Таццяна Патворава, мастачка:

"Я лічу, што гэта вельмі ўдала і для мастакоў, і для гасцініцы. Для нас гэта яшчэ адна арт-пляцоўка, дзе можна паказаць свае работы, дзе карціны сустрэнуцца з новымі гледачамі. Для гасцініцы - магчымасць упрыгожыць сцены не рэпрадукцыямі, не фатаграфіямі, а аўтарскім жывапісам".

Атмасфера больш нагадвала не гатэль, а класічны салон, дзе гаспадыня садзіцца за раяль. Але замест яе дырэктар “Галерэі ДК” акампанавала беларускаму тэнару. Адукацыя дазваляе: мастацтвазнаўца скончыла кансерваторыю.

Шыкоўны – эпітэт не толькі пад месца, але і пад публіку. Афіцыйную частку адкрыцця новай экспазіцыі працягнуў аўкцыён. Апроч успышак фотакамер і свецкіх гутарак, яшчэ і бізнес. Прадмет продажу – работы жывапісцаў, якія не трапілі ў агульную карціну. Пайшлі з малатка.