Модны мастак Нікас Сафронаў прэзентуе сотню сваіх новых прац.

27 марта 2014

Гучная культурная падзея. Модны мастак Нікас Сафронаў у Мінску, асабіста прэзентуе сотню сваіх новых прац. Спачатку на суд публікі ён выставіў сваю калекцыю, а праз тыдзень, вытрымаўшы закон тэатральнай паўзы, эфектна з'явіўся сам. Убачыць нават не столькі карціны, колькі самога чалавека-сенсацыю сабраўся ўвесь сталічны бамонд. З адкрыццём выставы заслужанага мастака Расіі павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.


З вернісажа - Наталля Бардзілоўская.


У яго моцная акадэмічная школа: мастацкую адукацыю Нікас Сафронаў атрымаў у вучылішчы імя Грэкава і Сурыкаўскай акадэміі. Таму класіцызм - яго творчая аснова, але ён і наватар: сюррэалізм, сімвалізм і ўласны стыль дрым віжн. Гэты сімбіёз - прыхільнасць традыцыям плюс пошук навацый - і робіць яго цікавым для самага шырокага зрэзу гледачоў: ад палітыкаў і зорак шоу-бізнесу да старэйшага пакалення калегаў, якія вызнаюць рэалізм.


І ў сталічнай галерэі Савіцкага яго чакала самая розная аўдыторыя -


прэзентацыя выставы сабрала мінскі бамонд, высокіх гасцей, проста прыхільнікаў і нават крытыкаў моднага маскоўскага мастака. Ён з'явіўся ў класічным касцюме, але без гальштука. Ледзь нядбайная прычоска і поўная адкрытасць для публікі: усмешка, аўтографы, фотасесіі. Невыпадкова Сафронава завуць самым медыйным майстрам пэндзля.


Яго маці - родам з суседняй Літвы, і сам Нікас сваю першую персанальную выставу прэзентаваў у Паневежысе. У канцы 70-ых ён стаў адкрываць для сябе Беларусь. Праўда, з выставамі з'явіўся ў нашых гарадах ужо ў новым стагоддзі: Гомель, Гродна, Брэст - мастаку так спадабаўся Віцебск, што сёння ён падумвае набыць у яго наваколлях уласны куток…


У Мінску Сафронаў упершыню са сваімі працамі. Прыбыў у беларускую сталіцу напярэдадні, паспеў пазнаёміцца з вячэрнім горадам і нацыянальнай кухняй. Сёння прайшоўся па цэнтры мегаполіса, а ў адным з антыкварных магазінаў набыў абраз у гатычным стылі - спецыяльна ў інтэр'ер сваёй маскоўскай кватэры. Ён любіць гісторыю. Дарэчы, некалькі апошніх прац прысвяціў старадаўняй Беларусі і знакамітай Барбары Радзівіл. Прыгажосць сучасных беларусак таксама ўразіла мастака - у яго творчых планах ужо паспела ідэя новага партрэта - мінчанкі.


Мінскі вернісаж Сафронава - гэта 99 прац. Краявіды, нацюрморты, але галоўнае - партрэты: як фантазійныя, так і рэалістычныя. Майстар з натуры пісаў Міхаіла Калашнікава, Скарлет Ёхансан, Пака Рабана…


Мастак гатовы і да беларускіх заказаў. Дарэчы, кошт яго працы - ад 10 тысяч еўра.


Графік знаходжання ў Мінску ў Сафронава шчыльны - заўтра мастак сустракаецца са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а таксама плануе дабрачынны візіт у дзіцячы дом. Сам са шматдзетнай сям'і і з роду нашчадкавых святароў - Сафронаў займаецца дабрачыннасцю: на радзіме ва Ульянаўску ім пабудаваныя дзве праваслаўныя цэрквы і капліца.


Пасля Мінска маэстра вернецца ў Маскву, наступны ж яго выставачны маршрут - тур па гарадах Казахстана.