Мода на ткацтва і вышыўку

18 апреля 2018

Майстры Крупскага раёна ствараюць сапраўдныя беларускія рушнікі, спадніцы і сукенкі з саматканага лёну. Упрыгожваюць вырабы беларускім арнаментам. У гардэробах рукадзельніц нямала саматканага адзення. А ў пакоях безліч дываноў. Прычым, вышыванымі ўзорамі ткачыхі аздабляюць і паўсядзённыя сукенкі.

Сакрэтамі крупскія модніцы падзяліліся з Наталляй Кезік. Зараз Яніна Мікульчык працуе над новым святочным уборам для свайго гардэробу - блуза, спадніца і фартух з льняной пражы. І абавязкова з беларускім арнаментам. Але такія шэдэўры ў ткачыхі атрымліваліся не адразу. У дзяцінстве пяцікласніцы Яніне бабуля дазваляла ткаць выключна мяхі для бульбы.

Цяпер жа немагчыма пералічыць колькасць пакрывал, ручнікоў і паясоў, сатканых народным майстрам Беларусі. Апошнім часам Яніна Паўлаўна перавагу аддае паясам. Тчэ іх на старажытным станку і па асаблівых “рэцэптах”. Кожны вузел і неаднолькавая таўшчыня ніці можа сапсаваць узор. У Крупскім раёне Яніна Мікульчык – адзіная ткачыха. Сваё майстэрства яна перадае дзецям. І сцвярджае, што мінімум год спатрэбіцца, каб навучыцца ткаць звычайнае палатно. Але галоўны яе вучань – дзесяцігадовы ўнук. Ілья не саромеецца свайго незвычайнага хобі. Наадварот, стварае для сяброў сапраўдныя саматканыя паясы. Упершыню за станок хлопчык сеў у першым класе. Кажа, што ў гэтай справе галоўнае - вытрымка.

Дарэчы, у Крупскім раёне існуе свая мода на вышыванкі. У Аксаны Коваль дрэс-код на працы - адзенне з нацыянальным арнаментам. Яго на спадніцах і блузах вышывае самастойна. Адмысловыя ўзоры наносіць і на ўборы абрадавых лялек. Такія абярэгі для кожнага месяца аб'ядноўвае ў гадавое кола. Жнівень прадстаўляе крупянічка, а чэрвень – пакосніца. У велікодны ж перыяд з чырвоных сурвэтак круцілі ляльку.

Аксана ў дзіцячым доме творчасці працуе амаль 20 гадоў. За гэты час яна асвоіла шмат тэхнік па вышыванні. Але галоўнае захапленне – вышыўка бісерам. З маленькіх пацерак жанчына «малюе» іконы. Ужо назбіралася цэлая калекцыя для выставы. Але большую частку сваіх работ майстар прэзентуе сябрам. Кажа, лепшы падарунак той, які зроблены з душой і сваімі рукамі.