Шматгранны талент мастака з дынастыі Кандрусевічаў раскрываецца ў мінскай майстэрні

6 мая 2020
У віртуальным фармаце зараз праходзіць і значная частка мастацкіх выстаў. Так, напрыклад, экспазіцыя двух братоў - мастакоў Паўла і Уладзіміра Кандрусевічаў - пад назвай "Фігура" адкрылася ў Полацкай мастацкай галерэі. 

Мінскую ж майстэрню аднаго з братоў - Уладзіміра - наведала наш карэспандэнт Ларыса Гулякевіч.

Ён працуе з алеем і керамікай, а іржавае жалеза спалучае з сусальным золатам. Як мінімум 10 храмаў Беларусі маюць яго працы. Уладзімір Кандрусевіч працягвае мастацкія традыцыі сваёй творчай сям'і.

Дзед - знакаміты мастак Натан Воранаў, бацька - вядомы беларускі кампазітар Уладзімір Пятровіч Кандрусевіч. Брат Павел - мастак, дзядзька - брат таты - альтыст - выкладчык у кансерваторыі Харватыі. З такімі творчымі генамі не знайсці сваё месца ў мастацтве  было немагчыма.

Уладзімір - мастак-фігуратывіст. Лічыць, што ўся філасофія свету зашыфравана ў чалавечым целе. З аднаго боку яго мастацтва - шматграннае: розныя тэхнікі і матэрыялы, з другога - ён застаецца верным сваёй тэме. 

Доўгі час марыў ажыццявіць ідэі ў кераміцы. Сучасны погляд на спартыўную гісторыю ў грэка-рымскім стылі з'явіўся ў фарфоравай калекцыі на талерках і збаночках.

Адзін з творчых напрамкаў майстра - праца з іржавымі прадметамі, якія ён знаходзіць на гарадскіх звалках. Потым прымяняе тэхніку залачэння. У спалучэнні сусальнага золата і жалеза кожны знойдзе сваю філасофію.

Шмат касцёлаў Беларусі маюць фрэскі ці нават цалкам размаляваны Уладзімірам. Наватарскі падыход да афармлення храма - у Віцебскім касцёле святога Антонія.

Сын Уладзіміра адзінаццацігадовы Ян таксама натура творчая. Свой талент выкарыстоўвае ў сучасным дызайне забаўных атракцыёнаў.