Шматдзетная маці з Віцебска Юлія Куцепава вучыць маленькіх дзяўчынак рукадзеллю

23 февраля 2019

Распрацоўваць эскізы, шыць, ствараць калекцыі і ўпэўнена трымацца на подыуме. Шматдзетная маці з Віцебска Юлія Куцепава вучыць маленькіх дзяўчынак абласнога цэнтра рукадзеллю і прывівае добры густ. Дзеці разам з педагогамі ўдзельнічаюць у здымках кліпаў, арганізуюць фотасесіі, актыўна гастралююць. Юных дызайнераў ведаюць у Расіі, Францыі, Германіі. Наш карэспандэнт Марына Раманоўская пабывала на занятках і адзначае: сама атмасфера ў тэатры натхняе ствараць прыгажосць.

І для кіраўніка, і для дзяцей галоўнае - творчасць. Тэатр моды наведваюць дзяўчынкі ва ўзросце ад чатырох гадоў. Заняткі пачынаюцца з простага. У дружнай кампаніі дзеці разам з педагогам вышываюць, ствараюць нескладаныя аплікацыі. Прапаную паглядзець сюжэт і даведацца, над чым зараз працуюць юныя мадэльеры.

Дзесяцігадовая Дзіяна Бузо наведвае тэатр моды з моманту яго адкрыцця. За два гады навучылася не толькі валодаць ніткай з іголкай, але і асвоіла асновы дэфіле. Праходзяць тут заняткі і па тэатральным майстэрстве. Маленькія рукадзельніцы самі малююць эскізы, шыюць цацкі, распрацоўваюць аксесуары і нават ведаюць, як стварыць паўнавартасную калекцыю.

Вучыць дзяцей рукадзеллю і прывівае добры густ мнагадзетная маці Юлія Куцепава. Кіраўнік тэатра моды ўзгадвае: у сваім дзяцінстве яна не шыла ўборы для лялек, а адразу стварала модныя вобразы для сябе. Зараз свой вопыт дызайнер перадае ўдзельніцам тэатра. Юлія Куцепава прынцыпова адмовілася ад кастынгаў, бо па-сапраўднаму праявіць сябе маленькія зоркі могуць толькі падчас творчага працэсу.

Падчас паказу калекцый акцэнт на шоу. Юлія Куцепава любіць працаваць з натуральнымі матэрыяламі - бавоўнай, ільном. Разам з маленькімі мадэльерамі стварае і калекцыі hand made з фальгі, паралону, паперы. Зараз творчы калектыў працуе над новымі праектамі.

Аб’ядноўвае ўдзельнікаў тэатра і любоў да падарожжаў. Расія, Германія, Францыя. Юлія Куцепава нават прынесла ў майстэрню карту, каб адзначаць, подыумы якіх краін у маленькіх мадэльераў яшчэ наперадзе.