Мірскі замак папоўніўся новымі экспанатамі

31 января 2017

Літоўскі калекцыянер беларускага паходжання, ганаровы мецэнат Андрэй Балыка паднёс падарунак гістарычнаму комплексу. Замак аднесены ЮНЕСКА да вышэйшай катэгорыі помнікаў сусветнай культуры. А зараз яго інтэр'еры ўпрыгожыць яшчэ і мэбля ХІХ стагоддзя. На прэзентацыі рарытэтаў у Міры пабывала і наш карэспандэнт Ларыса Гулякевіч.

Урачыстая атмасфера, цырымонія перадачы ў дар антыкварнай мэблі праходзіла ў Мірскім замку пад мелодыі джаза, фламэнка і... Баха. Мэбля еўрапейскага паходжання прыехала толькі сёння. Гарнітур з двух крэсел і канапы трапіў у палац ужо адрэстаўраваны і зараз толькі чакае свайго новага месца жыхарства.

У Мірскім замку новыя экспанаты. Гэты мэблевы гарнітур ХІХ стагоддзя французскіх майстроў па апісаннях мірскага палаца мог месціцца ў прыватных пакоях гаспадароў. Аднак дзе ён будзе знаходзіцца, зараз пакуль невядома.

Аўтарскі штэмпель пад новай абіўкай. Гісторыка-навуковы аддзел музея дасканала будзе даследаваць паходжанне і гістарычную каштоўнасць, каб потым даць апісанне у каталогу экспанатаў музея.

Гэта не першы падарунак, які Андрэй Балыка перадаў музею. Так у 2014 годзе залу палявання Мірскага палаца ўпрыгожыла рарытэтная мэбля ХІХ стагоддзя з аўтэнтычным габеленам. Тады літоўскі бізнесмен і калекцыянер атрымаў званне Ганаровага мецэната ад Міністэрства культуры Беларусі. У яго калекцыях - старажытны жывапіс, фарфор, найкаштоўнейшыя іконы, якія ён плануе прывезці на экспазіцыю ў Беларусь.

Андрэй Балыка родам з Бабруйска, мама вучылася у беларускім тэатральным інстытуце, а бабуля пад старажытным прозвішчам Вечар выхоўвала ўнука ў духу патрыятызму і шчырасці. Гарнітур спачатку знаходзіўся ў беларускім пасольстве ў Літве, а потым было прынята агульнае рашэнне прывезці яго ў адну з рэзідэнцый Радзівілаў - у Мірскі замак. Адраджаюцца старыя добрыя традыцыі мецэнацтва.

Захавальнік гістарычных каштоўнасцяў, Андрэй, займаецца не толькі рэстаўрацыйнымі праектамі, ён збірае старажытны жывапіс, фарфор, розны посуд і аксесуары. Самае найкаштоўнае - вялікая калекцыя ікон, якую ён плануе прывезці на экспазіцыю ў Беларусь.