Мірскі замак набыў новы і самы каштоўны экспанат

12 марта 2015

У калекцыю літаральна на днях уключылі адзіны аўтэнтычны артэфакт, які належыць уладальнікам замка. Пасля дбайнага навуковага аналізу ён прызнаны самым дарагім. Знаходку ў руках патрымала Наталля Бардзілоўская.

Да музейшчыкаў рарытэт трапіў два гады таму. Мясцовы жыхар капаў агарод і знайшоў незвычайную рэч, аддаў яе ў дар музею. Спецыялісты накіравалі знаходку на навуковае даследаванне, дзе і высветлілася – гэта сапраўды арыгінал пячаткі першага ўладальніка Мірскага замка.

Маршалак гаспадарскі Юрый Ільініч, што пасяліўся ў Міры пасля смерці бацькі ў 1495 годзе – уладальнік радавой пячаткі. Яе выява – герб старажытнага шляхецкага роду Ільінічаў. ”Корчак” – што азначае, мужчыны сям’і гераічна праявілі сябе на полі бою і ніколі не здраджвалі правіцелю.

Знойдзены рарытэт падштурхнуў музейшчыкаў-навукоўцаў да стварэння манаграфіі, прысвечанай Ільінічам. Кніга каля 400 старонак – ужо ў друку і ў маі ўбачыць свет. Гэта вынік працы даследчыкаў Інстытута культуры. У ёй найноўшая інфармацыя пра роданачальнікаў Мірскага замка. Усё – ад расшыфроўкі геральдыкі да сямейных адносін і кулінарных пераваг.

Стваральнікі манаграфіі задзейнічалі не толькі беларускія архівы, але і замежныя дакументы. ”Ільінічы” – выданне, якое папоўніць бібліятэку мірскіх аўтараў. Бо на іх рахунку ўжо каля пяці зборнікаў, прысвечаных магнацкім родам Вялікага Княства Літоўскага.