Свет адзначае 130 гадоў са дня нараджэння Марка Шагала

7 июля 2017

Свет адзначае 130 гадоў са дня нараджэння мастака-авангардыста. Марк Шагал - наш зямляк, выхадзец з Віцебска, вядомы дзякуючы свайму непаўторнаму почырку. Аб знакамітым мастаку - Вольга Мядзведзь.

Мастак-авангардыст, жывапісец, графік, сцэнограф - адзін з самых вялікіх майстроў дваццатага стагоддзя - Марк Шагал. Яго працы папаўняюць скарбніцы найбуйнейшых сусветных фондаў. Аднак землякі ў зеніце славы ўбачылі свайго легендарнага мастака толькі ў дзевяностых. Тады на радзіме твораў Шагала зусім не было. Гэта цяпер майстар у вольным доступе. Адзін збіральнік Шагала ў той час даслаў з-за мяжы чатыры работы, у ліку якіх апошняя падпісная літаграфія.

Ларыса Фінкельштэйн, мастацтвазнавец, арганізатар першай выставы Марка Шагала ў г. Мінску: "Сабралася цудоўная калекцыя, і ўсю гэтую калекцыю ўвянчалі 4 літаграфіі Шагала. Іх сапраўды ахоўвалі два супрацоўнікі АМАПа".

За свой творчы шлях ён праявіў сябе ва ўсіх кірунках. Пачынаў з жывапісу. У родным Віцебску першым яго выкладчыкам стаў Юдэль Пэн. Менавіта яму, настаўніку будучага легендарнага авангардыста, належыць адзіны прыжыццёвы партрэт маладога Шагала. Наступная ступень - Санкт-Пецярбург. Майстар-класы ад Рэрыха, Зайдэнберга, Бакста і Дабужынскага. Затым Францыя. Праз некалькі гадоў яго домам стаў «Вулей» - арт-цэнтр і своеасаблівы прытулак для замежных мастакоў.

Работы свайго першага парыжскага перыяду ён ствараў двойчы. Зноў вярнуўшыся ў Францыю, Шагал даведаўся, што яго карціны, пакінутыя ў «Вулеі», былі згублены. Па памяці, малюнках і рэпрадукцыях, ён напісаў іх нанова. Але часткова. Сярод адноўленых твораў "Дзень нараджэння", "Я і вёска", "Над Віцебскам" і іншыя.

Шагал займаўся не толькі выяўленчым мастацтвам, але і літаратурай. Сам пісаў вершы на ідышы, якія, дарэчы, у юбілейны год ўпрыгожаць фасады на роднай вуліцы мастака ў Віцебску. У дваццатых гадах мінулага стагоддзя Шагал захапіўся і графічнымі тэхнікамі.

Ірына Воранава, дырэктар Музея Марка Шагала ў г. Віцебску: "Гавораць, што Марк Шагал асвоіў тэхніку афорту літаральна за тыдзень і вельмі хутка пачаў ствараць працы. І першымі працамі, якія выйшлі з пад яго разца, была серыя ілюстрацый да аўтабіяграфічнай кнігі "Маё жыццё".

Святлана Пракоп'ева, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі: "Яго цяга да літаратуры была нястрымная. Ён быў сам паэтам, пакінуў выдатную эпісталярную спадчыну. І напрацягу ўсяго свайго жыцця ён неаднаразова звяртаўся да літаратурных твораў і з незвычайнай тонкасцю і глыбінёй іх ілюстраваў. Ну досыць успомніць яго ўзрушаючыя ілюстрацыі да "Мёртвым душам" Гогаля".

У шасцідзясятыя Шагал перайшоў на манументальныя творы. Распісаў плафон парыжскай Grand Opéra, стварыў для Metropolitan Opera ў Нью-Ёрку два пано, а ў Чыкага упрыгожыў будынак нацыянальнага банка мазаікай "Чатыры пары года". З мастацтвам не расставаўся да апошніх дзён.