Мінскі трамвай ператварыўся ў выставачную галерэю

29 октября 2014
Мастацтва, якое коціцца па рэйках. Мінскі трамвай ператварыўся ў выставачную галерэю. Такая нестандартная прэзентацыя творчасці настолькі захоплівае пасажыраў, што некаторыя нават прапускаюць свае прыпынкі. А строгія кантралёры цяпер выступаюць экскурсаводамі. Сярод першых пасажыраў культурнага трамвая аказалася і Іна Пілевіч.

Цяпер пасажыры сталічнага трамвая нумар адзін разглядаюць не тое, што за акном, а ўнутры салона. Па маршруце Зялёны Луг - вуліца Мяснікова курсіруе мастацкі вагон. Замест рэкламы на сценах фотапалотны.
Каб выстава на колах паехала, арганізатарам праекта спатрэбіліся не адзін тыдзень перамоў і стос афіцыйных дакументаў. Творчыя амбіцыі неабходна было сумясціць з правіламі бяспекі. Мінсктранс удзельнічаў нават у адборы здымкаў. У выніку для прэзентацыі адвялі месца над вокнамі вышынёй 18 сантыметраў. З гэтай прычыны ў першым трамваі пасажыры лічаць за лепшае не сядзець, а стаяць - так найбольш зручна разглядаць экспанаты.
Наталля Шаранговіч, дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва: У такім звычайным гарадскім трамваі, у такой, здаецца нам, знаёмай абстаноўцы, якую мы бачым штодня, мы можам убачыць абсалютна нечаканыя сучасныя і вельмі мастацкія творы. І мне здаецца, што гэта прымусіць людзей па-іншаму паглядзець на гарадскія вуліцы, па-іншаму паглядзець на саміх сябе.
22 карткі бацькі і сына Сяргея і Дзмітрыя Брушко. У транспартнай экспазіцыі сышліся чорна-белая плёначная і каляровая лічбавая эпоха фота. Праз два пакаленні прасочваецца розніца не толькі ў тэхналогіі здымак, але і ў тэмпе жыцця, норавах беларусаў. Дарэчы, старэйшы з фатографаў Брушко ўжо выстаўляўся ў трамваі 26 гадоў таму.
Дзмітрый Брушко, фатограф: Адна з бацькавых выстаў у трамваі была ў 1988 годзе. Гэта было ў рамках рэкламы газеты Чырвоная змена. Быў рыжскі чырвона-жоўты трамвай\, які хадзіў па Мінску.
Культурны вагон пад нумарам 118 праедзе па сталіцы ў час пік з 6 да 10 і з 15 да 19 гадзін. Экспазіцыя будзе доўжыцца тыдзень. Білет на трамвайны вернісаж роўны кошту праязнога талона.