Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" стартаваў

5 ноября 2016

Учора прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця XXIII Мінскага міжнароднага кінафестывалю. Форум, які стаў ужо традыцыйным, ізноў сабраў тысячы гледачоў і гасцей з розных краін. Сярод іх - рэжысёры, сцэнарысты, прадзюсары, кінакрытыкі. Насустрач натхненню - а менавіта гэта слоган кінафоруму сёлета - адправіліся 159 карцін, 83 з якіх прымаюць удзел у конкурсе.

Чым запомніцца гэты "Лістапад", ведае наш карэспандэнт Дар'я Тарасава. Упершыню ў гісторыі форуму рэжысёры - лаўрэаты нацыянальнага конкурсу, апроч запаветных статуэтак, змогуць атрымаць і тэхнічную падтрымку. Для рэалізацыі наступнага праекта кіношнікам бясплатна пададуць здымачнае абсталяванне, а таксама паслугі постпрадакшну.

Адкрыла XXIII Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" карціна "Пецярбург. Толькі па любові". Кінаальманах з сямі гісторый, знятых расійскімі жанчынамі-рэжысёрамі. Гэтая серыя работ стала адной з самых чаканых кінапрэм’ер за кошт зорнага акцёрскага складу і сюжэтнай лініі.

Праграма форуму падзеленая на 4 секцыі: ігравое, дакументальнае кіно, конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік", які стартуе ўжо сёння, а таксама малады, але ўжо ўпадабаны гледачамі нацыянальны конкурс. Геаграфія праграмы складзе 45 краін. Упершыню на фестывалі пакажуць кінастужкі з Японіі, Філіпінаў, Малайзіі і Лівана.

За 7 фестывальных дзён форуму кінаманы ацэняць 159 карцін на 5 пляцоўках. Сеансы будуць інтэрактыўнымі. Некаторыя фільмы асабіста прадставяць іх стваральнікі.