Мінскі архітэктар Ігар Есьман у свае 85 працягвае майстраваць

6 июня 2017

Яго маштабныя праекты ўпрыгожваюць вуліцы горада, а мініяцюры - сталыя экспанаты сталічных галерэй. Мінскі архітэктар Ігар Есьман і сёння працягвае актыўную творчую дзейнасць. Яго работы мінчане назіраюць штодзень: дызайн станцый метро, гасцініц, універсітэтаў. З архітэктарам пазнаёмілася Юлія Токар.

Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас. Такія скразныя партрэты на ўездзе ў сталіцу змогуць ператварыць шашу ў галерэю знакамітасцяў. Над адметнымі арт-аб'ектамі вышынёй на пятнаццаць метраў працуе мінскі архітэктар Ігар Есьман. На яго думку, такія выявы ўдала ўпішуцца ў стылістыку горада.

Эфект празрыстых выяў нагадвае прынцып кінескопа, менавіта па ім аўтар і распрацаваў партрэты. Кабінет майстра ўвогуле нагадвае экспазіцыйную залу. Пасярод пакоя ўзвышаецца ажурная Эйфелева вежа. Дакладная міні-копія твора Гюстава Эйфеля. І калі ў рэальнасці парыжскую славутасць будавалі два гады, Ігар Есьман справіўся за тры з паловай месяцы.

Тут і мініяцюрныя прадметы побыту. Млын, кросны - і гэта не бутафорыя, на ручным станку майстар выткаў невялічкае палатно.

Паводле праектаў Ігара Есьмана ўзведзены дзясяткі будынкаў сталіцы. Акрамя таго, ён з'яўляецца аўтарам дызайну станцыі метро "Пушкінская", гасцініцы «Арбіта», лінгвістычнага ўніверсітэта і корпуса палітэхнічнага інстытута.

Карабель альбо авіялайнер уздоўж праспекта Незалежнасці ведае кожны мінчанін. Корпус БНТУ - візітная картка архітэктара. Упершыню жалезабетонныя блокі і простыя канструкцыі ўвасобілі складаную футурыстычную кампазіцыю. Сам жа аўтар прызнаецца: ні да якіх падабенстваў не імкнуўся, толькі хацеў, каб фасад быў такім адметным.

Архітэктар, дызайнер і вынаходнік Ігар Есьман у свае 85 працягвае майстраваць. Захапляецца разьбой, распрацоўвае дызайн марак, вырабляе прадметы побыту ў дробных дэталях. Яго маштабныя праекты ўпрыгожваюць вуліцы горада, а мініяцюры, створаныя на спалучэнні навукі, мастацтва і тэхнікі, - сталыя экспанаты сталічных галерэй.