Мінская вобласць святкуе "Дажынкі"

13 ноября 2015

Падзякі героям жніва, кірмашы, спевы і народныя абрады. Сёння Мінская вобласць святкуе галоўнае сельскагаспадарчае свята - "Дажынкі". Цэнтральны рэгіён сёлета стаў абсалютным лідарам: сабрана амаль 2 мільёны 200 тысяч тон збожжа - чвэрць агульнага каравая краіны. У Вілейку на абласныя "Дажынкі-2015" адправілася і Антаніна Станкевіч.

Вось так - шчыра і шчодра - вітаюць у Вілейцы гасцей: кіраўнікоў, журналістаў, гледачоў і, зразумела ж, галоўных герояў жніва. З самай раніцы тут спяваюць, танцуюць, смажаць - як казалі продкі: госці ў хату - прысмакі на стол.

Ганчар Алег з гастранамічна-тэматычным прозвішчам Капуста ладзіць збаны, кубкі і талеркі для ўсіх ахвочых. Рукі майстра так спрытна рухаюцца ва ўнісон з ганчарным кругам, што хвіліна - другая - і міні-шэдэўр гатовы.

На імправізаваным падворку Клецкага раёна наладзілі міні-кантактны заапарк. Толькі замест тхароў і янотаў - індыкі і куры-шчабятуны. Гаспадары запэўніваюць: гэта самая лепшая парода ў краіне.

Кожны раён на сваім подворку здзіўляе самабытнасцю. На малой радзіме песняра Якуба Коласа - Стаўбцоўскім раёне - памяць паэта ўшаноўваюць. Незвычайную кнігу ў гонар знакамітага земляка дэманструюць кожнаму.

Зараз асноўныя сельскагаспадарчыя работы скончаныя, а таму свята ўраджаю атрымліваецца вельмі маштабным. Ды і самім аграрыям ёсць чым пахваліцца: больш за 2 мільёны тон збожжа, а гэта чвэрць рэспубліканскага каравая і лепшы паказчык у краіне. “Сноп першынства” Цэнтральны рэгіён так проста не аддасць - запэўнівае губернатар.

А ў нядзелю героі "Дажынак" адзначаць яшчэ адно свята - Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі. Столькі падстаў для радасці - гэта своеасаблівая кампенсацыя за руплівую працу без адпачынку праз усё лета - жартуюць аграрыі.