Мінск сустрэў беларускага прызёра дзіцячага конкурсу песні Еўрабачанне-2013

2 декабря 2013

Разам з Іллёй Волкавым у сталіцу вярнуліся кіраўнік беларускай дэлегацыі, асабістыя харэограф і педагог па вакале. Нагадаем, Беларусь трэці раз стала лідарам конкурсу. 108 балаў ад міжнароднага журы гледачоў прынеслі нам бронзу. У нацыянальным аэрапорце каманду з дзіцячага Еўрабачання сустракала і наша здымачная група.



У Мінск Ілля Волкаў і яго каманда прыляцелі ў 9 гадзін вечара. Пералёт прамым рэйсам заняў не больш за 50 хвілін. Даляцелі з камфортам. У аэрапорце дзяцей з беларускай дэлегацыі сустракалі бацькі і нават чатырохногія сябры.


Зялёны калідор Нацыянальнага аэрапорта Мінск стаў своеасаблівым стартам артыстычнай кар'еры для кожнага з трох трыўмфатараў дзіцячага конкурсу песні Еўрабачанне. Усяго год таму Ілля Волкаў паляцеў у Амстэрдам як танцор. Праз 12 месяцаў ужо з Кіева вярнуўся як вакаліст і бронзавы прызёр аднаго з самых прэстыжных вакальных конкурсаў.


Нават у палёце дзеці не змаўкалі. Прыемны бонус для пасажыраў - песня ў арыгінальным выкананні беларускага трыўмфатара.


Галоўны прыз - статуэтку-пазл за трэцяе месца на конкурсе - везлі ручной паклажай. Да яе асаблівае стаўленне.


Голас хлопчыку ставіла адзін з лепшых у Беларусі педагогаў па вакале Вольга Уронская. Менавіта яе аўтарская методыка прынесла перамогу Аляксею Жыгалковічу ў 2007.


Паездка стала дзелавой ва ўсіх сэнсах. У Кіеве Волкаву зрабілі адразу некалькі прапаноў. Так, украінскія калегі абсалютна бясплатна дапамогуць зняць кліп. Белтэлерадыёкампанія ў сваю чаргу таксама працягне супрацоўнічаць з Іллёй.


Амаль два месяцы ў конкурсным тэмпе і толькі дзень на аднаўленне. Расслабляцца няма калі. У аўторак у школу. Дарэчы, недалёка ад Белтэлерадыёкампаніі, на вуліцы Макаёнка.