Мінск сустракае пяты форум вулічных тэатраў

4 мая 2017

Сёлета больш акцёраў – чакаем 30 калектываў з Беларусі, Італіі, Францыі. Артысты прадставяць розныя жанры – і драму, і камедыю. Упершыню пад адкрытым небам адбудзецца цыркавое шоу. Зараз у рэжыме нон-стоп ідзе падрыхтоўка.

Якімі трукамі і пастаноўкамі будуць здзіўляць гледачоў – раскажа Юлія Токар. Венікі, пыласосы і швабры гэтымі днямі галоўныя інструменты тэатралаў-аматараў. Яны рыхтуюць перфоманс "Чысты горад". Пакуль старанна наводзяць парадак у творчай студыі, а ў нядзелю - на вуліцы. Тут бухгалтары, выкладчыкі замежнай мовы, праграмісты. Для Ігара Крываноса гэта першая пастаноўка і адразу галоўная роля.

Артысты рыхтуюцца да пятага форуму вулічных тэатраў. Сёлета больш акцёраў, жанраў і перфомансаў. Італьянская клаўнада, польскі драмтэатр, нямецкія хадулісты і ўпершыню, бадай, самы відовішчны від мастацтва – беларускае цыркавое шоу.

Цырк выходзіць на вуліцу, замест традыцыйнага купала – адкрытае неба. Таму і нумары адпаведныя – жанглёры-антыпадысты, акрабаты, гімнасты прадэманструюць паўсотні нумароў самых розных жанраў. А гэта амаль 70 артыстаў.

Іх спрыт, адточаныя рухі і адважныя трукі надаюць цырку казачную відовішчнасць. Гэта адпаведна патрабуе трэніровак.

Сінтэз класічнага танца, свабоднай пластыкі і імправізацыі – гэта тэатр танца "Альтана". Нават камерны спектакль Дастаеўскага праз харэаграфію яны прыстасавалі да гарадскіх вуліц.

7 і 8 мая Верхні горад стане цэнтрам вулічнага мастацтва. На трох пляцоўках – ля ратушы, у Карэтным дворыку і на арт-тэрасе - у рэжыме нон-стоп паданні і легенды, неверагодная батлейка, карнавальнае шэсце. Падчас пятага форуму вулічных тэатраў сваю творчасць прадэманструюць 30 калектываў з Беларусі, Польшчы, Германіі, Італіі і Францыі.