У Мінску ў гэтыя выхадныя будзе панаваць атмасфера свята

3 сентября 2016

Беларуская сталіца адзначае 949-ы дзень нараджэння. Амаль сотня забаўных мерапрыемстваў пройдзе ва ўсіх раёнах горада. Свята ў сталіцы пачнецца па традыцыі з ускладання кветак да падножжа стэлы "Мінск - горад-герой". Адной з галоўных пляцовак стане тэрыторыя ля Палаца спорту.

Апоўдні ўсіх, хто жадае, запрашаюць на музычны опен-эйр, затым у міжнародным турніры памераюцца сіламі волаты XXI стагоддзя, свой спрыт прадэманструюць удзельнікі спартыўна-выратавальных спаборніцтваў "Жалезны пажарны". Увесь дзень будзе працаваць горад майстроў. Кульмінацыяй свята стане маляўнічы салют.

Свая праграма будзе і ў Верхнім горадзе. Там адкрыюць помнік стваральнікам беларускай оперы - Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. А вечарам адбудзецца канцэрт заслужаных калектываў.