Мінск прымае Міжнародны фестываль цыркавога мастацтва

23 сентября 2017

Упершыню на беларускай арэне выступаюць артысты сусветнага маштабу з 16 краін. Прычым шматлікія нумары рыхтавалі спецыяльна для конкурснай праграмы ў Мінску. Лепшыя пакажуць заўтра на гала-канцэрце. Бэкстэйдж маштабнага фестывалю - у Юліі Токар.

Спачатку ў Монтэ-Карла, потым у Берліне, а зараз у Мінску! Беларуская сталіца ўпершыню прымае Міжнародны фестываль цыркавога мастацтва! 16 краін-удзельніц, паўсотні высакакласных артыстаў і толькі 4 дні, каб уразіць гледачоў і журы сваімі непаўторнымі трукамі.

Урс Пілц, віцэ-прэзідэнт Міжнароднага фестывалю цыркавога мастацтва ў Монтэ-Карла: "Я не ўпершыню ў вашым горадзе. Ён штораз мяне дзівіць прыгожай архітэктурай. Гэта датычыцца і вашага цырка. Будынак сучасны, сама арэна і тэхнічныя магчымасці адпавядаюць міжнародным стандартам. І я ўпэўнены: гэты фестываль - добры пачатак. Мінск гатовы прымаць форумы такога высокага ўзроўню".

Пасля маляўнічага парада флагаў на купале ажывае Мінск. Клоўн Білбі са свайго магічнага чамадана стварае трохмерную праекцыю. А далей - больш фокусаў. Пакуль не пад беларускія матывы, але выключна для беларускага гледача знаёмства з прыгажосцю Усходу. Пластычная акрабатыка Самсары ад эфіопак.

Сара Тэсфакірас Кебедэ і Самравіт Чэркас Хішэ, удзельніцы першага мінскага Міжнароднага фестывалю цыркавога мастацтва (Эфіопія): "Гэты нумар мы спецыяльна падрыхтавалі для конкурснай праграмы - хацелі паказаць свой нацыянальны каларыт у Беларусі. Напрыклад, нашы галаўныя ўборы і прычоскі з касічак падкрэсліваюць прыгажосць усходніх жанчын".

Кубікі, булава, кольцы… 19-гадовы Каспарас віртуозна жангляваць, ды яшчэ і ў танцы, можа літаральна любымі прадметамі. За кулісамі артыст ахвотна дае майстар-класы.

Складана ўявіць, што на гэтай 4-метровай лесвіцы будзе балансаваць далікатная эквілібрыстка з Казахстана. Яе нумар - гэта сінтэз балета і цырка. Менавіта таму артыстка будзе ў пуантах і абавязкова з рэквізітам. Дарэчы, гэты меч важыць амаль пяць кілаграмаў.

Ад экстрэмальных паветраных піруэтаў у публікі літаральна зацінае дух, а падчас акрабатычных палётаў арэна тоне ў апладысментах. Бо што ні нумар, то рызыка. Лепшыя выступленні паўтораць заўтра падчас гала-канцэрта на закрыцці. Пераможца чакае цыркавы "Оскар" - цыліндр са шкла ўжо стаў сімвалам мінскага фестывалю.