Мінск прымае фестываль батлеечных і лялечных тэатраў "Нябёсы"

14 января 2018

Фестываль батлеечных і лялечных тэатраў "Нябёсы" чацвёрты раз прымае Мінск. На пляцоўцы Свята-Елісавецінскага манастыра ўдзельнікі з сямі краін - а гэта некалькі сотняў артыстаў - спаборнічаюць у лялечным майстэрстве і абменьваюцца творчым вопытам.

Расказвае Наталля Бардзілоўская. Ён нарадзіўся як калядны. Жлоб, яселка, вяртэп, батлейка, шопка – кожны славянскі народ называў лялечны тэатр па-свойму, але сутнасць была адна: з самага свайго нараджэння (а гэта XV стагоддзе) лялечны тэатр расказваў пра Нараджэнне Божае. Гістарычна пераказаўшы ўсе сюжэты Бібліі, лялечны тэатр узяўся за свецкі рэпертуар, выйшаў за межы царкоўнага і стаў народным. Дакладней, усенародна любімым. Амаль шэсць стагоддзяў прайшло, а павучальныя сцэнкі і камічныя сюжэты батлейкі жывуць, вывучаюцца і захоўваюцца як нацыянальны здабытак.

Самыя дакладныя знаўцы беларускай батлейкі сёння жывуць у Міры. Ездзяць па краіне, збіраюць традыцыі тэатра па вёсках, запісваюць батлеечныя канты. У гарадку дынастыі лялечнікаў. Напрыклад, браты Сіўко, якія заклалі традыцыю мясцовага тэатра. Дэлегацыя з Міра – пастаянны ўдзельнік мінскага фестывалю «Нябёсы». Зрэшты, форум – міжнародны. Сёлета сабраў гасцей з Расіі, Украіны, Эстоніі, Літвы, з Германіі і Вялікабрытаніі.

Для дзяцей і з удзелам дзяцей. Форум лялек невыпадкова прымеркаваны да Каляд. Акрамя таго што аб'ядноўвае спецыялістаў батлеечнага мастацтва і дае магчымасць тэатрам-удзельнікам паспрабаваць свае сілы ў конкурсе, ён – свята, якое дорыць юным гледачам казку.

Фестываль «Нябёсы» ладзіцца не толькі дзеля мастацтва. Разам з папулярызацыяй такога старажытнага жанра, як батлейка, удзельнікі робяць добрыя справы. Так, сёлета ў рамках форуму ладзіцца акцыя «Дабрадзейнасць»: удзельнікі і госці з сямі краін свету аб'язджаюць дзіцячыя дамы і інтэрнаты Міншчыны і дораць дзецям і выступленні, і падарункі.

З епархіяльнага з гадамі ён вырас да буйнога міжнароднага духоўнага форуму, які замацоўвае культурныя сувязі паміж краінамі, падтрымлівае традыцыі батлеечнага мастацтва, спрыяе пошуку і падтрымцы юных талентаў.