Міністр інфармацыі: міжнародны сімпозіум літаратараў - пляцоўка для ўмацавання адносін

7 февраля 2019

Міжнародны сімпозіум літаратараў - пляцоўка для ўмацавання адносін. Гэта падкрэсліў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. Сёння ў рамках кніжнай выставы адбылася дыскусія аб ролі перакладчыкаў і адначасова прэзентацыя новых выданняў. У другі дзень форуму прапанавалі адразу некалькі знакавых выдавецкіх праектаў. Гэта новы том "Гісторыі беларускай дзяржаўнасці" і кніга "У рытме гадоў, якія ляцяць. Нарысы гісторыі камсамола Беларусі". Яна таксама распавядае пра пераемніка арганізацыі - Беларускі саюз моладзі. Напярэдадні ІІ Еўрапейскіх гульняў разам з беларускімі зоркамі спорту і сімвалам форуму - лісянём Лесікам - сёння прэзентавалі спецыяльныя выданні. "Спорт вышэйшай спробы", "Даведнік па Мінску", "Тэматычны каляндар" і "Карта".

Не менш насычаным будзе і трэці кніжны дзень. Прэзентуюць сумесны праект Акадэміі музыкі і Беларускай энцыклапедыі імя Пятруся Броўкі "Арганы Беларусі". Чытачы могуць разлічваць на аўтографы беларускіх пісьменнікаў і папулярных расійскіх аўтараў - Яўгенія Вадалазкіна і Паўла Басінскага. Вынікі форуму падвядуць вечарам на 58-ым конкурсе "Мастацтва кнігі". На перамогу прэтэндуе "Вялікі гістарычны атлас Беларусі".