Мінчанка Ірына Калеснікава стварае цёплыя карціны з воўны

30 декабря 2019
Белыя мядзведзі, кіты і казачныя домікі. Мінчанка Ірына Калеснікава стварае цёплыя карціны з воўны. Ва ўласнай калекцыі каля 300 работ. За 10 гадоў  хобі стала ўласным бізнесам. Цяпер майстар працуе з заказамі, а з калекцыямі  карцін вандруе па выставах не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Майстар-клас з утульнай майстэрні ў матэрыяле Наталлі Кезік. Маляўнічыя краявіды Ірына Калеснікава стварае больш за 10 гадоў. Эпізоды казак, герояў мультфільмаў, белых мядзведзяў і рыжавалосых дзяўчынак на палатне яна малюе з воўны. У якасці пэндзля  іголка, а фарбы - рознакаляровы пухкі матэрыял. Спачатку Ірына з воўны стварала ўпрыгажэнні, цацкі і нават адзенне. Але затым канчаткова захапілася аб’ёмнымі карцінамі. За год  паспявае намаляваць каля 20 твораў. Працэс  даволі доўгі. Спачатку валяе аснову карціны, затым на працягу некалькіх дзён іголкай дадае неабходныя дэталі. 

Зараз у калекцыі майстра каля 300 карцін. Многія работы стварае серыямі  па 5-7 экзэмпляраў. Са сваімі работамі Ірына вандруе па выставах і кірмашах у Беларусі і Прыбалтыцы. За год абавязкова збірае і некалькі персанальных выстаў. Для майстра карціны з воўны зараз  і хобі, і праца, якая прыносіць пэўны прыбытак. Але каб зарабляць ручной працай, недастаткова толькі маляваць лямцам. Дзеля свайго бізнесу Ірына вывучыла асновы маркетынгу, эканомікі і піяру. 

Сярод найбліжэйшых задумак майстра  ствараць не проста серыі карцін, а сапраўдныя казкі. Зараз  мастак працуе над дызайнам персанальнай майстэрні, дзе з натхненнем у перспектыве будзе ствараць свае ўтульныя аб’ёмныя шэдэўры.