Мінчан запрашаюць на музычную чайную цырымонію

5 апреля 2016

Даведацца аб разнастайнасці гатункаў чаю і пазнаёміцца з чароўным светам перкусійных інструментаў. Мінчан запрашаюць на музычную чайную цырымонію. Падчас гэтага адметнага дзеяння ў яго наведвальнікаў ёсць магчымасць пакаштаваць розныя варыяцыі чаю, пазнаёміцца з тэхнікамі яго прыгатавання, гісторыяй паходжання і ўжывання, а таксама паслухаць медытатыўную музыку незвычайнага інструмента – ханга.

Наталля Кузьміцкая з падрабязнасцямі.

Улун, пуэр, сенча, рызэ… Для дылетантаў - незнаёмыя словы іншаземнага паходжання, для майстра Алёны Вялічкі - назвы гатункаў любімага напітку. 11 гадоў таму наведванне чайнай цырымоніі поўнасцю змяніла яе жыццё.

Пасля набыцця свайго першага чайнага набору Алёна прайшла навучанне на вядучага чайнай цырымоніі. Паступова захапленне ператварылася ў прафесію. І сёння чайны майстар знаёміць з адмысловымі правіламі прыгатавання гэтага ўзнёслага напітку, якія дазваляюць поўнасцю раскрыць глыбіню смаку і шматграннасць чаю. Напрыклад, турэцкі патрабуе доўгага заварвання ў чайданлыку, спецыяльным двайным заварніку, а вось каб атрымаць правільны смак тайваньскага малочнага ўлуну, яго трэба заварваць не больш за тры хвіліны.

Падчас чайнай цырымоніі яе ўдзельнікі атрымліваюць асалоду і ад успрымання на слых прыемнага гуку ханга і хэндпана ў майстарскім выкананні мультыінструменталіста Івана Крываноса.

На дотык і зрок падчас працы майстра мехендзі Аляксандры Цалуеўскай, якая, нібы на палатне, на руках малюе хной.

На чайных цырымоніях у розных краінах свету раней збіраліся філосафы, творцы, прадстаўнікі інтэлігенцыі, якія за кубачкам гарбаты вялі размовы аб высокім. Праз стагоддзі цырымонія захавала тую ж атмасферу духоўнасці і душэўнасці.

У свеце больш за паўтары тысячы гатункаў гарбаты і адзінаццаць толькі вядомых спосабаў яе прыгатавання. Пазнаёміцца з імі можа кожны і ў беларускай сталіцы.